Алесь Анціпенка: Маніторынг СМІ пакідае ўстойлівае адчуванне дэжавю


“Агульнае ўражанне – што выбары ўяўляюць з сябе руцінную справу, якая не вельмі цікавіць журналістаў як дзяржаўных СМІ, так і недзяржаўных...”

Такую выснову медыяэксперт агучыў 21 жніўня на першай прэс-канферэнцыі маніторынгавай групы ГА “БАЖ” на тэму “Асвятленне парламенцкіх выбараў 2012 г. у беларускіх СМІ”. Маніторцы прэзентавалі свае высновы па выніках маніторынгу за перыяд з 31 ліпеня да 17 жніўня.

Сп. Анціпенка пералічыў асноўныя тэндэнцыі, што назіраюцца пры асвятленні выбарчага працэсу на гэтым этапе.

Кажучы пра дзяржаўныя СМІ, ён адзначыў вельмі абмежаванае кола суб’ектаў для згадкі - напрыклад, у інфармацыйнай праграме “Панарама” Першага каналу БТ: “Звычайна найбольшая ўвага надаецца тром: Цэнтравыбаркам, прэзідэнт і апазіцыя. Гэта пры тым, што мы вызначаем каля 50 розных суб’ектаў, якія маюць дачыненне да выбарчага працэсу...Традыцыйнай з’яўляецца і манера іх рэпрэзентацыі: апазіцыя – выключна адмоўна, прэзідэнт – альбо пазітыўна альбо нейтральна, ЦВК – нейтральна альбо пазітыўна”.

Наогул, па назіраннях маніторцаў, стыль асвятлення выбарчага працэсу застаецца ранейшым: “Палярызаваны падыход да асвятлення дзейнасці апазіцыі і ўлады, назіральнкаў ад СНД і заходніх, выразная адсутнасць права на адказ, калі дзяржаўныя медыя гавораць пра апанентаў улады... Усё гэта характэрна для папярэдніх нашых маніторынгаў і кампаній – як прэзідэнцкіх, так і парламенцкіх”.

Недзяржаўная прэса больш шырока асвятляе выбарчы працэс. Напрыклад, колькасць суб’ектаў, пра якія піша інтэрнэт-газета naviny.by – 33, а на сайце інфармацыйнага агенцтва belta.by згадваюцца пакуль 17.

Ацэнкі дзейнасці розных суб’ектаў выбарчага працэсу ў недзяржаўных СМІ таксама больш збалансаваныя ў параўнанні з дзяржаўнымі, - лічаць маніторцы. “Напрыклад, “Наша Ніва” падавала інфармацыю ў нейтральным тоне, “Народная воля” пісала нейтральна і негатыўна пра “Рух За Свабоду”, нейтральна – пра апазіцыю, адмоўна – пра ЦВК. У naviny.by прысутнічаюць усе варыянты манеры рэпрэзентацыі ў дастаткова збалансаваных суадносінах”, - кажа Анціпенка.   

“Наогул, складваецца ўражанне, што парламенцкія выбары – не яркая падзея, а нейкая рытуальная дзея з наступствамі, якія лёгка прадказаць”, - робіць выснову Алесь Анціпенка.

Наступная прэс-канферэнцыя адбудзецца 4 верасня. Усяго іх запланавана чатыры. Апошняя, выніковая, адбудзецца пасля выбараў.  

Асвятленне парламенцкіх выбараў 2012 г. у беларускіх СМІ. Бюлетэнь №1. (31 ліпеня – 17 жніўня 2012 г.) - (PDF)