Журналіст “Гомельских ведомостей” сумесна з БелТА датэрмінова “сфармаваў” выбаркамы і атрымаў спагнанне


Яшчэ 7 жніўня, напярэдадні пасяджэнняў адміністрацый раёнаў Гомеля па фармаванні ўчастковых выбарчых камісій, афіцыйная гарадская газета “Гомельские ведомости” надрукавала інфармацыю “Камісіі сфармаваны” (“ГВ”, №87).

Калі ўлічыць, што нумар падпісваўся да друку 6 жніўня, то сцвярджэнне выглядае, з аднаго боку, даволі заўчасным, з іншага - што пасяджэнні адміністрацый і выканкамаў у справе фармавання выбарчых камісій  – звычайная фармальнасць.

“У склад участковых выбарчых камісій па правядзеннні выбараў  у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Гомельскай вобласці ўвайшлі звыш дзесяці тысяч чалавек”, – піша карэспандэнт газеты пад псеўданімам Аляксандр Мікалаеў.

Гэтаму сцвярджэнню, паведамляюць “Праваабаронцы за свабодныя выбары”,  здзівіўся назіральнік ад БХК Віктар Адзіночанка, які толькі 8 жніўня прысутнічаў на пасяджэнні адміністрацыі Цэнтральнага раёна па фармаванні ўчастковых выбарчых камісій.

Віктар Адзіночанка звярнуўся па тлумачэнні ў рэдакцыю “Гомельских ведомостей”. Галоўны рэдактар газеты  Уладзімір Гаўрыловіч адказаў Віктару Адзіночанку, што “звесткі аўтар матэрыялу ўзяў з інфармацыі Беларускага тэлеграфнага агенцтва за 3 жніўня, пры гэтым памылкова іх адаптаваў, як факт, які адбыўся, за што прыцягнуты да адказнасці». Да якой менавіта адказнасці – рэдактар не паведаміў.

Да адказу рэдакцыі  прыкладзена паведамленне БелТА ад 3 жніўня, у якім сказана: “У склад участковых камісій у Гомельскай вобласці будуць уключаны больш за 10 тысяч чалавек”. І далей: “Зараз на ўсіх участках фарміраванне спісаў членаў выбарчых камісій уступіла ў завяршальную стадыю, згодна заканадаўству, гэты працэс будзе завершаны 5 жніўня”. Аднак насамрэч працэс фармавання камісій быў завершаны 8 жніўня, а ніяк не 5 жніўня. Да пятага можна было падаваць дакументы на ўключэнне ў склад камісій.  

Не адпавядае рэчаіснасці і сцвярджэнне БелТА  пра тое, што на выбарчых участках будуць працаваць ад 7 да 15 чалавек. У камісіях – ад 5 да 19 чалавек.

Назіральнік Адзіночанка лічыць, што пакараны журналіст у прынцыпе мае рацыю: спісы ўчастковых камісій былі сфарміраваны загадзя, а на паседжаннях выканкамаў 8 жніўня іх проста зацвердзілі.

“Працэс фармавання ўчастковых камісій – закрыты, адміністрацыйны, без ніякіх абмеркаванняў і тлумачэнняў. Каго трэба, таго і бяруць у камісіі, а іншым адмаўляюць без тлумачэння прычынаў”, –  кажа Віктар Адзіночанка.