Аўтары “Народнай праграмы” настойваюць на неабходнасці свабоды слова і інфармацыі


Свабодзе слова і інфармацыі прысвечаны цэлы раздзел “Народнай праграмы”, прэзентацыя якой адбылася 15 жніўня ў офісе Руху “За свабоду”.

Сама “Народная праграма”, як сцвярджаюць яе аўтары, – гэта ініцыятыва па выпрацоўцы новага пазітыўнага бачання будучыні Беларусі з дапамогай экспертнага і шырокага грамадскага абмеркавання пытанняў развіцця краіны. Свабода слова і свабода інфармацыі – адны з такіх надзённых пытанняў сучаснасці.

Гэтую праграму выкарысталі пры стварэнні сваіх перадвыбарчых платформ многія прадстаўнікі дэмакратычных структур, якія вырашылі ўдзельнічаць у парламенціх выбарах.

Па словах аднаго з аўтараў “Народнай праграмы” палітолага Алеся Лагвінца, у дакуменце прапануецца кардынальным чынам памяняць сітуацыю ў публічнай сферы Беларусі, зрабіць так, каб інфармацыя была агульнадаступнай, і дамагчыся роўнай канкурэнцыі паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі СМІ.

“Гэта - першы крок дзеля пабудовы сапраўднай публічнай прасторы, жывой грамадскай дыскусіі. Без свабоды слова ў парламенце ці па-за парламентам кріана будзе існаваць у вакууме. Таму ў “Народнай праграме”, у дапаможніку для кандыдатаў ёсць асобны раздзел, акурат прысвечаны гэтым пытанням”, - адзначыў Алесь Лагвінец.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў паведаміў, што гэты раздзел “Народнай праграмы” цалкам супадае з платформай яго арганізацыі, прынятай на Пятнаццатым з’ездзе. “Мы таксама настойваем на роўнасці СМІ, на роўным доступе да інфармацыі незалежна ад форм уласнасці мас-медыя”, - дадаў палітык.


Удзельнікі прэзентацыі Уладзімір Навасяд, Ігар Лялькоў, Юрась Губарэвіч


Журналісты на прэзентацыі


А. Лагвінец

 

Раздзел IV “Народнай праграмы”. Свабода слова. Свабода інфармацыі

Эканамічных, палітычных памылак, якія загналі Беларусь у эканамічную яму і на мяжу палітычнай ізаляцыі, можна было б пазбегнуць, калі б дзейнічалі канстытуцыйныя прынцыпы свабоды слова і свабоды інфармацыі. У 2011 годзе нават тыя, хто паводле сваёй адукацыі, працоўных абавязкаў мусіў прапаноўваць рэцэпты недапушчэння абвалу эканомікі, не здолеў зрабіць гэтага, бо грунтаваўся на непраўдзівых (ці няпоўных) дадзеных і не мог адкрыта абмеркаваць свае прапановы у т.л. у СМІ.

Тое самае дзейнічае і ў іншых галінах: ад мясцовых праблем вадаправодных трубаў і да міжнароднай палітыкі. Сёння дзяржава адсочвае падачу інфармацыі грамадзянам, уводзіць пасады "ідэолагаў", праводзіць "дабраахвотна-прымусовую падпіску" на дзяржаўныя СМІ. Апошні "фронт ідэалагічнай барацьбы" – спробы ўвесці цэнзуру ў Інтэрнэце.

У дэмакратычных краінах роля дзяржавы не марнаваць грошы на "інфармаванне насельніцтва", а забяспечыць роўны доступ грамадзян да інфармацыі. У Беларусі неабходна стварыць умовы для канкуравання меркаванняў, пазіцый, а грошы, што выдаткоўваюцца на чынавенскі апарат па кантролі інфармацыі, варта накіраваць у сістэму аховы здароўя, адукацыю.

Наша пазіцыя: дзяржава не мае займацца неўласцівай ёй функцыяй інфармавання: грамадзяне дастаткова разумныя, каб атрымаць інфармацыю і сфармуляваць сваё стаўленне.

Адпаведна нашымі захадамі у галіне забеспячэння

свабоды слова і свабоды інфармацыі ёсць:

1. Упарадкаванне формаў уласнасці на рынку СМІ. У перспектыве маюць застацца "прыватныя" (у тым ліку акцыянерныя) i грамадскія СМІ. Дзеля гэтага ўжо на першым этапе мае адбыцца:

  • поўная адмена прымусовых падпісных кампаній надзяржаўныя газеты;
  • ліквідацыя сістэмы дзяржаўных датацый для СМІ. Увядзенне роўных умоваў гаспадарання для СМІ незалежна ад формы ўласнасці;
  • заканадаўчае замацаванне прынцыпаў канкурэнцыі ў сістэме распаўсюду СМІ;
  • заканадаўчае ўвядзенне формы грамадскай уласнасці СМІ – калі такія структуры існуюць за кошт добраахвотных адлічэнняў грамадзянаў і падсправаздачныя адкрытым грамадскім радам;
  • бесперашкоднае прадстаўленне СМІ роўных магчымасцяў ажыццяўлення рэкламнай дзейнасці ў перыяд падпісных кампаній;

2. Стварэнне сістэмы гарантый па вольнаму доступу да інфармацыі і па свабодзе слова.

  • адмена Указа №60, дзейнасць якога сур'ёзна абмяжоўвае распаўсюд інфармацыі ў Інтэрнэце. Забяспечыць умовы для самарэгуляцыі прасторы;
  • прыняцце закону пра публічную інфармацыю і закону пра абарону прыватнай інфармацыі;
  • прыняцце закону пра гарантаванне недатыкальнасці журналістаў пры выкананні імі сваіх працоўных абавязкаў;
  • прыватызацыя Беларускага Дома друку і Беларускага тэлеграфнага агенцтва;
  • прыватызацыя "Белсаюздруку" і "Белпошты". Стварэнне іншых прадпрыемстваў па паштовых паслугах з прыватным капіталам.
  • стварэнне на базе сённяшняга тэлеканала "Беларусь 1" грамадскага тэлебачання.