Выбары: спаймаць у кадр Макея


Беларуская народная прыкмета: калі тэлезоркай становіцца Лідзія Ярмошына — значыць, зноў на носе выбары. Ну і недзе побач, як адданы збраяносец — Мікалай Лазавік.

Старшыня і сакратар Цэнтрвыбаркама таксама традыцыйна ёсць галоўнымі ньюсмейкерамі перадвыбарчых рубрык у выдаваных уладай газетах. Зірнем апошнія публікацыі адпаведнай тэматыкі на сайтах флагманаў дзяржаўнай прэсы.

Так і ёсць! На sb.by партрэт і цытаты Ярмошынай аздабляюць тэкст “Састаў набірае ход” (паказальны ўжо сам псеўдавобразны “чыгуначны” загаловак невядома пра што). На respublika.info — заметка “Вылучэнне кандыдатур завяршаецца”, заснаваная на выключным цытаванні Лазавіка. Загаловак зноў жа паказальны каляндарна-працэдурным падыходам: выбары як рытуал.

Аўтары байкатуюць… плюралізм

Скептычна-з’едлівая пазіцыя спадарыні Ярмошынай у дачыненні да палітычнай апазіцыі вядомая. Аднак публікацыя на сайце sb.by — не справаздача з прэс-канферэнцыі кіраўніцы ЦВК, а хутчэй аўтарскі каментар, для якога тое мерапрыемства — толькі інфармацыйная нагода. З гледзішча жанру — магчымасць дапоўніць погляд прадстаўніцы афіцыйнай структуры меркаваннямі з іншага лагеру.

Але аўтарка Аліна Ветрава скарыстоўвае нагоду выключна для таго, каб дадаткова патаптацца па апазіцыйных партыях:

“На жаль, тыя, хто гадамі крычыць пра тое, што ім нечага не даюць ці некуды не пускаюць, сёння як вады ў рот набралі. Палітычныя партыі пакуль што не вылучалі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пятага склікання”.

“Што тут скажаш пра людзей, якія прыдумалі сабе розныя прыгожыя назвы, але адмаўляюцца актыўна ўдзельнічаць у палітычных кампаніях краіны”.

“Ды я думаю, нашы партыйцы і самі выдатна ведаюць, што такое партыі і з чым іх ядуць”.

“Людзі жывуць, працуюць, гадуюць дзяцей — і што, слова “байкот” адказвае на ўсе іх пытанні? Тады трэба байкатаваць усё рэальнае жыццё і перайсці ў віртуальную прастору. Што некаторыя з задавальненнем і робяць”.

Карацей, партыі размазаны па сценцы. Прычым без права голасу. Замест гэтага — імітаванне пазіцыі апанента, вядомы маніпуляцыйны прыём: “Ды я думаю, нашы партыйцы і самі выдатна ведаюць, што такое партыі…”.

А можа, не дадумваць за некага, а запытацца ці даць слова? І тады чытачы як мінімум даведаліся б, што ў апазіцыі некалькі тактык на гэтых выбарах.

Тады прыхільнікі байкоту патлумачылі б, што з іх гледзішча выбараў у краіне проста няма. А прыхільнікі абмежаванага ўдзелу ці ўдзелу да канца сказалі б, што проста яшчэ не прайшлі з’езды іх партый, на якіх адбудзецца вылучэнне. Усё па графіку! Так, напрыклад, праз некалькі дзён пасля згаданай публікацыі прайшоў з’езд Партыі БНФ, на якім вылучана 38 кандыдатаў. 5 ліпеня на сваім з’ездзе вылучыў 36 кандыдатаў “Справядлівы свет”.

І яшчэ партыйцы сказалі б, што здымуць сваіх кандыдатаў за пяць дзён да выбараў, калі прадстаўнікоў апазіцыі не ўлучаць у выбаркамы і калі да таго часу не будуць вызвалены палітвязні.

Вось так варта будаваць публікацыю з гледзішча журналісцкіх канонаў, калі задачай ёсць сумленна даследаваць перадвыбарчую сітуацыю, адэкватна падаць пазіцыі і матывы палітычных гульцоў.

Аднак тады давялося б артыкуляваць або цытаваць надта нязручныя для ўлады рэчы. Згадваць табуяванае — дыскрымінацыйную статыстыку ўлучэння апазіцыянераў у камісіі, праблему палітвязняў.

Відавочна, што такія рэчы у дзяржаўным выданні апрыёры не праханжэ. І ў выніку чытач атрымлівае карыкатуру на апанентаў улады, якім віртуальна зашылі раты ды апрыёры абмазалі дзёгцем.

Дзеля справядлівасці дадамо, што сярод каментаў пад згаданым тэкстам ёсць і кусачыя для ўлады. На sb.by усё ж дапускаецца пэўны форумны плюралізм. Кладучы руку на сэрца, нават большы, чым на некаторых рэсурсах другога полюса.

Сапраўдны рэпарцёр умее цягаць каштаны з агня

З таго, як асвятляюць кампанію дзяржаўныя СМІ, можна зрабіць выснову, нібыта ўсе ці практычна ўсе апазіцыянеры паставілі парламенцкія выбары ў ігнор, што зусім не адпавядае рэчаіснасці.

І гэта ілюструе, у прыватнасці, дасціпны фотарэпартаж сеціўнай “Салідарнасці” — “Тыя, хто гаворыць праўду” спалохалі Уладзіміра Макея”. Журналіст выдання Сяргей Балай выйшаў з камерай у рэальнае жыццё — да сталічнага ўніверсама “Юбілейны”, дзе ладзілі пікет прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”.

Фота Сяргея Балая, "Салідарнасць"

Пэўная журналісцкая рызыка: “чалавек у цывільным” пагражаў выдаліць здымкі, падыходзіў і міліцыянт з РАУС — акупілася з гакам. Каронка матэрыялу — кадр, на якім спайманы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей. Гэтаму неардынарнаму мінаку пікетчыкі таксама прапанавалі падпісацца за сваю вылучэнку. Але спадар Макей спяшаўся — на фота сапраўды бачна, як шпарка ён праносіцца міма пікета — і паабяцаў зрабіць гэта іншым разам.

Разумнаму дастаткова. Гаваркая карцінка, насычаны красамоўнымі дэталямі зрэз перадвыбарчай сітуацыі — і не патрэбны банальныя развагі ці клеймаванне рэжыму, чым захапляюцца некаторыя змагарныя рэсурсы.

Прыклад з “Салідарнасці” выдатна ілюструе простую прафесійную ісціну: журналісту трэба часцей адрываць мяккае месца ад крэсла перад камп’ютарам і выходзіць у рэал.

Бракуе думкі і маралі

Увогуле ж і недзяржаўныя рэсурсы падаюць перадвыбарчую тэматыку збольшага стандартна, нецікава. Зразумела, самі выбары малаінтрыгоўныя, бо яны пад каўпаком і вынік прадказальны. Таму і медыі дзейнічаюць фармальна: кампанія як-ніяк пачалася, трэба раз-пораз адзначаць тэму.

Пераважае сітуацыйна-рэактыўнае слізганне па паверхні (нехта нешта заявіў, камусьці забаранілі тое і тое, вось таго не зарэгістравалі, іншага зацягнулі ў пастарунак…). Мы бачым тую ж прывязку да календара і працэдуры, празмернае цытаванне тых жа тэхнічных па сутнасці персон з ЦВК, каторыя па ідэі мусяць быць максімальна непрыкметнымі, як усялякая абслуга.

Праўда, недзяржаўныя рэсурсы даюць слова і апанентам улады, і гэта робіць перадвыбарчы малюнак болей плюралістычным.

Аднак прафесійны медыйны рэсурс — не  проста вінегрэт меркаванняў. Мала даць выгукнуць свае лозунгі, напрыклад, хадэку Віталю Рымашэўскаму з ягоным “толькі байкот!” ды лідэру “Справядлівага свету” Сяргею Калякіну з ягоным “толькі ўдзел!”. Важна дапамагчы чытачу ўбачыць патаемныя спружыны той ці іншай тактыкі, сапраўдныя матывы палітычных сіл і персон. Гэтага, аднак, катастрафічна бракуе.

Тэма вераснёўскіх выбараў у бальшыні анлайнавых медыях асвятляецца хаатычна, импульсіўна, адмысловая рубрыка — рэдкасць. Тут, бадай, найболей сістэмна — прычым не першы год — выглядаюць Naviny.by. Клік — і перад вашымі вачыма як панарама цяперашняй кампаніі, так і архіў папярэдніх.

Naviny.by традыцыйна даюць моцную плынь аналітыкі, асэнсоўваюць чарговую кампанію у кантэксце як рэтраспектыўным, так і перспектыўным. Бо вожыку зразумела, што 23 верасня сёлета ніякага зрынання асноў не адбудзецца. І усе гэтыя байкоты/удзелы маюць сэнс толькі ў плане выхаду на прэзідэнцкія выбары-2015. Без такой аналітычнай рамкі мы проста асвятляем спрэчку востраканечнікаў з тупаканечнікамі а-ля Джанатан Свіфт.

Нарэшце, зусім не пахне журналістыкай, калі той ці іншы анлайн-рэсурс вызнае ў спрэчцы толькі адну пазіцыю. Напрыклад: байкот — і баста, як гэта робіць “Хартыя”. У плане аднабокасці тут аніякай розніцы з дзяржаўнымі медыямі. І сайт гэтак жа бэсціць палітыкаў з апазіцыйнага лагеру ў выпадку, калі яны не падзяляюць ідэалогію татальнага байкатызму.

Адна з такіх мішэняў — Аляксандр Мілінкевіч. Але як ні ставіцца да канкрэтнага дзеяча (ніхто не прымушае любіць), нельга фальсіфікаваць яго пазіцыю. Што, аднак, зрабіла “Хартыя” загалоўкам “Мілінкевіч супраць ізаляцыі дыктатуры Лукашэнкі”. Бо насамрэч той па выніках сустрэч у Германіі заявіў БелаПАН зусім іншае: “Мы казалі пра тое, што, нягледзячы на самаізаляцыю беларускай улады, Еўразвязу ні ў якім разе нельга ізаляваць краіну…”.

Вось так: дэкларуем нібыта поўнае непрыманне рэжыму — і пры гэтым капіюем ягоныя ж прапагандысцкія метады. Крайнасці змыкаюцца. Прафесійная мараль адпачывае.