У сельскай гаспадарцы вобласьці выкарыстоўваюцца забруджаныя радыёнуклідамі землі

БелаПАН

Пракуратура Гомельскай вобласці выявіла факты выкарыстання ў сельскай гаспадарцы радыяцыйна небяспечных зямель як фізічнымі асобамі, так і сельгаспрадпрыемствамі.

Пракуратура Гомельскай вобласці выявіла факты выкарыстання ў сельскай гаспадарцы радыяцыйна небяспечных зямель як фізічнымі асобамі, так і сельгаспрадпрыемствамі. Як паведаміла старшы памочнік пракурора вобласці па выкананні прыродаахоўнага заканадаўства Ірына Хіжанок, падчас праверак выявілася, што асобныя гаспадаркі Веткаўскага, Буда-Кашалёўскага, Чачэрскага і Кармянскага раёнаў вялі гаспадарчую дзейнасць на заражаных радыенуклідамі землях, выведзеных з севазвароту.

Паводле слоў пракурора, камунальнае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Раўковічы» (Чачэрскі раён) у зоне адсялення размясціла пасеку. Адно з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Буда-Кашалёўскага раёна заняло 17 га радыяцыйна небяспечных зямель. Кіраўнікі прадпрыемства былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, але праз пэўны час зноў парушылі закон і занялі пад сельскагаспадарчыя плошчы зямлю, прызнаную непрыгоднай для вядзення гаспадаркі з-за высокай радыеактыўнасці. Таксама гаспадарка вяла пакос травы на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях. За парушэнні да адказнасці прыцягнулі не толькі кіраўніцтва гаспадаркі, але і супрацоўнікаў узводу аховы зон адсялення і адчужэння, якія выявілі гэтыя землі, але не прынялі меры да спынення сельгасработ.

Акрамя таго, паводле слоў Хіжанок, двое мужчын самавольна засяліліся ў адселеную вёску Падлужжа Чачэрскага раёна, выключаную з рэестра населеных пунктаў, бо яна размешчана ў радыеактыўнай зоне. Побач з вёскай знаходзіцца захаванне адходаў дэзактывацыі, але нягледзячы на гэта самасёлы вядуць там гаспадарчую дзейнасць. «Да самасёлаў на паляванне ў зону прыязджаюць не толькі з Беларусі, але і з Украіны, Расіі. Яны паставілі там пасекі, пасадзілі ў клеткі двух мядзведзяў. Аднаго, паводле дакументаў, яны купілі ў заапарку, адкуль узяўся другі — пакуль невядома. У любым выпадку гэтыя жывёлы занесеныя ў Чырвоную кнігу, і гэтыя людзі парушаюць патрабаванні ўтрымання дзікіх жывёл», — адзначыла пракурор.