Стартавала журналісцкая кампанія «За экалагічны дабрабыт»


Прэзентацыя кампаніі адбылася ў Мінску 30 красавіка.

Прэзентацыя кампаніі адбылася 30 красавіка ў офісе ГА «БАЖ».
Як паведамілі яе арганізатары — журналісты Андрусь Клікуноў і Вольга Хвоін — ініцыятыва кампаніі зыходзіла ад «Маладых лідэраў БАЖ», якія дзейнічаюць у межах арганізацыі ўжо некалькі гадоў.


Вольга Хвоін і Андрусь Клікуноў прэзентуюць кампанію

Маладыя журналісты сфармулявалі дзве асноўныя праблемы, якія падштурхнулі іх да ідэі распачаць кампанію «За экалагічны дабрабыт»: гэта недахоп рознабаковай інфармацыі, якая тычыцца будаўніцтва АЭС у Беларусі (насуперак Орхускай канвенцыі, якую падпісала Беларусь), а таксама замоўчванне інфармацыі пра альтэрнатыўныя крыніцы энергіі і пра наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

«Наша мэта — звярнуць увагу журналісцкай супольнасці на гэтыя праблемы і намацаць шляхі іх вырашэння», — зазначыў на брыфінгу Андрусь Клікуноў.

Дыскусіі з удзелам як прыхільнікаў, так і змагароў з ідэяй будаўніцтва АЭС у Беларусі, маніторынг асвятлення згаданай тэматыкі ў СМІ, прэс-туры ў «праблемныя» зоны, інфармацыйная падтрымка антыядзернай дзейнасці грамадскіх ініцыятываў і НДА — усе гэтыя мерапрыемствы плануецца ладзіць у межах кампаніі «За экалагічны дабрабыт».

Першае з іх — «круглы стол» на тэму «Мэтазгоднасць будаўніцтва АЭС на Беларусі», запланаваны на 12 чэрвеня. У бліжэйшыя месяцы мае адбыцца прэс-тур у беларуска-украінскае памежжа блізу зоны адсялення. Найбліжэйшым часам журналісты таксама даведаюцца пра ўмовы ўдзелу ў творчым конкурсе на згаданую тэматыку.

Больш падрабязна пра мерапрыемствы кампаніі «За экалагічны дабрабыт»
можна даведацца з адмысловай рубрыкі на сайце ГА «БАЖ» .