Журналіст Ігар Банцар арыштаваны на 10 сутак за "нецэнзурную лаянку"


У Гродне журналіст часопіса “Magazyn Polski na uchodzstwie” Ігар Банцар атрымаў 10 сутак адміністратыўнага арышту “за нецэнзурную лаянку”. Такую меру пакарання прызначыла ўчора журналісту суддзя Ленінскага раёна Гродна Наталля Козел.

У Гродне журналіст часопіса “Magazyn Polski na uchodzstwie” Ігар Банцар атрымаў 10 сутак адміністратыўнага арышту “за нецэнзурную лаянку”. Такую меру пакарання прызначыла ўчора журналісту суддзя Ленінскага раёна Гродна Наталля Козел.

Сведкамі ў судзе выступілі двое міліцыянераў. Яны сцвярджалі, што Ігар Банцар ішоў адзін па плошчы Леніна, лаяўся і не рэагаваў на заўвагі. Суддзя палічыла гэтыя сведчанні абгрунтаванымі.

А вось як патлумачыў службе маніторынгу БАЖ сцэнар судовага пасяджэння адвакат І.Банцара Аляксандр Бірылаў:

– Я ўжо і не магу падлічыць, у які раз абараняю журналістаў на гарадзенскіх судах. І гэты нічым не адрозніваецца ад папярэдніх: схема адпрацаваная да прымітыўнасці – сведкі міліцыянеры, яны гавораць, што ім загадалі. Да таго ж амаль усе судовыя паседжанні праводзіць адна і тая ж суддзя – Наталля Козел. Яна ўжо так прызвычаілася да такіх спраў, што можна дакладна прадугледжваць яе прысуды. Такім чынам у гарадзенскіх турмах перасядзелі амаль ўсе незалежныя журналісты.

Як расказаў сам Ігар Банцар Радыё “Свабода”, у выхадны дзень ён сутыкнуўся ў цэнтры гораду з міліцыянтамі, якія былі ў нецвярозым стане. Як зазначыў Ігар, яны затрымлівалі яго раней пад час палітычных падзей. На наступны дзень журналіст пайшоў на футбол, дзе тыя ж самыя міліцыянты дзяжурылі, і яго праз нейкі час затрымалі.

Нагадаем, Ігар Банцар быў затрыманы 18 сакавіка каля 16 гадзін дня ў цэнтры горада, калі вяртаўся дахаты. Маёр міліцыі Ленец спыніў яго “для праверкі” і суправадзіў у аддзяленне міліцыі Ленінскага раёна Гродна. Ноч перад судом журналіста пратрымалі ў ізалятары часовага ўтрымання.

Трэба адзначыць, што 5 лютага 2007 года журналістка з Гомеля Юлія Сальнікава таксама атрымала афіцыйнае папярэджанне ад пракуратуры Гомельскай вобласці аб недапушчальнасці парушэння закона “пры здзяйсненні журналісцкай дзейнасці ў якасці замежнага карэспандэнта”.