Новаўвядзенні ў Адміністратыўным кодэксе, датычныя прафесійнай дзейнасці журналістаў


Шэраг новых палажэнняў, датычных працы журналістаў і дзейнасці СМІ, праглядаецца ў новым Адміністратыўным кодэксе Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у сілу з 1 сакавіка 2007 года.

Шэраг новых палажэнняў, датычных працы журналістаў і дзейнасці СМІ, праглядаецца ў новым Адміністратыўным кодэксе Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у сілу з 1 сакавіка 2007 года.

Ніякага паслаблення адносна дзейнасці журналістаў у новым Адміністратыўным кодэксе не прадугледжваецца. Наадварот адказнасць стала больш жорсткай, разоў прыкладна ў пяць, – выказаў свае меркаванне кіраўнік цэнтра прававой дапамогі СМІ пры БАЖ Міхаіл Пастухоў.

Таксама павялічылася адказнасць і за парушэнне правоў журналістаў. У прыватнасці, у частцы першай артыкула 22-9 (“Парушэнне заканадаўства аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”) вызначана, што парушэнні, “якія выразіліся ва ўшчамленні свабоды СМІ” будуць карацца накладаннем штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь.

Напрыклад, зараз адказныя асобы, якія, не прадастаўляюць інфармацыю, адмаўляюцца ці забараняюць распаўсюджваць СМІ, не дапускаюць альбо выганяюць журналістаў з грамадскіх мерапрыемстваў, неабгрунтавана адмаўляюць у акрэдытацыі альбо іншым чынам парушаюць Закон аб друку, могуць панесці адказнасць згодна з гэтым артыкулам.

“Гэта даволі суровае пакаранне, – адзначыў М. Пастухоў. – Аднак, тут ёсць цікавая акалічнасць – згодна з новым заканадаўствам, пратаколы аб адміністратыўных правапарушэннях будуць складаць Міністэрства інфармацыі і ніжэйстаячыя структуры, якія яму падпарадкоўваюцца. Узнікае пытанне, наколькі аб’ектыўна будуць ставіцца да разбіральніцтва такога роду спраў?”

У гэтай жа частцы артыкулу 22-9 новага Адміністратыўнага кодэкса такія ж меры пакарання вызначаныя за “злоўжыванні свабодай СМІ”. У прыватнасці, гэта датычыцца парушэнняў “праславутага” артыкула 5 Закона аб друку, дзе пералічаны 9 выпадкаў такога злоўжывання (між іх: распаўсюджанне інфармацыі ад імя незарэгістраваных арганізацый, распаўсюджанне звестак, якія зневажаюць гонар і годнасць прэзідэнта РБ і шэрагу кіраўнікоў дзяржорганаў, раскрыццё дзяржаўнай тайны,прапаганда вайны і агрэсіі, заклік да захопу ўлады і інш.).

Новыя памеры штрафу за парушэнне вызначанага парадку абавязковай рассылкі бясплатных экземпляраў друкаваных выданняў, апублікавання СМІ абвяржэння, распаўсюджання эратычных выданняў, а таксама распаўсюджанне перыядычных друкаваных выданняў без выхадных даных прапісаны ў частцы другой артыкула 22-9 кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях.

У новай рэдакцыі АК адказнасць за парушэнне вышэйназваных нормаў стала больш жорсткай. Калі раней яна складала да 10 базавых велічынь штрафу, то зараз – ад 20 да 50 велічынь. Калі ж парушэнне будзе здзейснена паўторна, то памер штрафу ўзрасце – ад 20 да 100 базавых велічынь для індывідуальных прадпрымальнікаў і ад 100 да 500 велічынь для юрыдычных асоб.

Кіраўнік цэнтра прававой дапамогі СМІ пры БАЖ звяртае ўвагу на яшчэ адзін характэрны артыкул адміністратыўнага заканадаўства – 23-33 ( у старой рэдакцыі АК – артыкул 172 прым.). Ён называецца “Распаўсюджанне сродкамі масавай інфармацыі заведама ілжывых звестак, якія зневажаюць гонар і годнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Пакаранне паводле гэтай нормы зараз складае ад 20 да 50 базавых велічынь, для індывідуальных прадпрымальнікаў яшчэ больш – ад 20 да 100, а для юрыдычных асоб – да 500 базавых велічынь.

“Пад гэты артыкул трапляюць перш за ўсё самі СМІ , а таксама аўтары публікацый. Па раней дзеючаму кодэксу адказнасць неслі адказныя асобы, гэта значыць галоўныя рэдактары. Зараз суб’екты прама не называюцца, але можна выказаць здагадку, што ізноў будуць адказваць кіраўнікі СМІ”, – пракаментаваў Міхаіл Пастухоў.

Ён нагадаў, што аналагічная норма існуе і ў Крымінальным кодэксе. Таму вырашаць па якім кодэксе прыцягваць да адказнасці будуць вырашаць “кампетэнтныя органы”. Ізноў такі пратаколы будуць складаць Мінінфармацыі і структуры, якія яму падпарадкоўваюцца.