Міністр інфармацыі трапіў пад санкцыі ЗША


Злучаныя Штаты Амерыкі ўвялі фінансава-эканамічныя санкцыі супраць шасці беларускіх дзяржаўных кіраўнікоў. Сярод іншых – міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Русакевіч.

Злучаныя Штаты Амерыкі ўвялі фінансава-эканамічныя санкцыі супраць шасці беларускіх дзяржаўных кіраўнікоў. Сярод іншых – міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Русакевіч.

З 27 лютага спіс асобаў, якім забараняецца ўезд у ЗША, папоўнілі таксама міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, генеральны пракурор краіны Пётр Міклашэвіч, кіраўнік дэпартаменту па грамадскіх арганізацыях Мінюста Алег Сліжэўскі, падпалкоўнік войскаў спецыяльнага прызначэння ў Мінску Юрый Падабед і былы кіраўнік Міністэрства унутраных спраў Юрый Сівакоў.

Паводле загаду, распаўсюджанага Мінфінам ЗША, будуць замарожаны рахункі, якія могуць належыць гэтым людзям і знаходзяцца ў валоданні жыхароў ў ЗША. Жыхарам Злучаных Штатах Амерыкі забараняецца мець камерцыйныя і дзелавыя стасункі з пералічанымі асобамі.

Як паведамілі ў прэс-службе амбасады ЗША ў Беларусі, Міністэрства фінансаў ЗША вызначыла, што гэтыя прадстаўнікі ўрада адыгрываюць важную ролю ў рэпрэсіўным рэжыме Аляксандра Лукашэнкі. Некаторыя з гэтых асобаў прымалі актыўны ўдзел у наступе на грамадзянскую супольнасць і дэмакратычную апазіцыю падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў сакавіку 2006 года, якія прайшлі з парушэннем міжнародных выбарчых нормаў.

“Тым, хто парушае правы чалавека і ўдзельнічае ў палітычных рэпрэсіях, няма месца ў грамадзянскай супольнасці”, - заявіў Адам Шубін, дырэктар Упраўлення па кантролю за замежнымі актывамі (OFAC). “Мы працягнем прымаць меры супраць тых беларускіх афіцыйных асобаў, якія выкарыстоўваюць свае пасады дзеля абкрадання ўласнага народа і падаўлення дэмакратыі і свабоды”, – паведамляецца ў прэс-рэлізе.

З улікам гэтых людзей “чорны спіс” афіцыйных беларускіх асоб павялічыўся да шаснаццаці. У чэрвені 2006 года падобныя санкцыі ЗША ўвялілі супраць прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, яго старэйшага сына Віктара Лукашэнкі, а таксама высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў: Віктара Шэймана, Сцяпана Сухарэнкі, Наталлі Пяткевіч, Віктара Галаванава, Аляксандра Зімоўскага, Дзмітрыя Паўлічэнкі, Уладзіміра Навумава і Лідзіі Ярмошынай.