"Еўрапейскага радыё для Беларусі": Наша місія - несці аб'ектыўную, сапраўдную, актуальную інфармацыю
Першая перадача "Акно ў Еўропу" выйшла на хвалях “Еўрапейскага радыё для Беларусі” год таму, 26 лютага 2006 г. З таго часу радыё штодзённа, 24 гадзіны на дзень, вяшчае праграмы ў жывым эфіры і ў запісы. За гэты год праз эфір Еўрарадыё прайшлі сотні беларускіх і замежных гасцей – палітыкаў, літаратараў, музыкаў, мастакоў. Сфармавалася каманда маладых і дасведчаных журналістаў, якія разам робяць эфір для аўдыторыі па ўсёй Беларусі.
Вяшчанне пачалося ў нялёгкі перыяд – напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. У тыдні перадвыбарнай кампаніі, у дзень выбараў і падчас падзеяў Плошчы карэспандэнты Еўрарадыё кожную гадзіну перадавалі ў эфір звесткі пра тое, што адбывалася ў Мінску і рэгіёнах. Напрацягу году радыёстанцыя інфармавала слухачоў пра актуальныя падзеі ў палітычным, эканамічным, сацыяльным жыцці краіны, даючы свабодны мікрафон усім палітычным і грамадскім сілам і рухам, якія маюць што сказаць беларускай аўдыторыі.
За першы год існавання ў эфіры Еўрапейскае радыё для Беларусі не толькі рэалізавала першы эксперымент маладзёжнага вяшчання ў музыкальна-інфармацыйным фармаце з межаў Беларусі, але і далучылася да шэрагу акцый унутры краіны. Пры падтрымцы Еўрарадыё была выдадзеная анталогія "222 альбомы беларускага року", перавыдадзеныя "Песні свабоды –2" і дыск гурта "Мясцовы час". Пераможца хіт-параду Еўрарадыё "Зваротны адлік - 2006", полацкі гурт "Indra" 4 cакавіка прэзентуе запісаны на беластоцкай студыі ўласны альбом. Конкурсы і віктарыны Еўрарадыё запрашаюць да ўдзелу моладзь з усёй Беларусі – нядаўна 40 пераможцаў віктарыны пра Еўразвяз атрымалі каштоўныя падарункі ад офісу Еўракамісіі, а ўжо сёння на старонцы www.belradio.fm – новы конкурс "Фотамузыка".
Еўрапейскае радыё для Беларусі – гэта яшчэ і школа для маладых радыёжурналістаў. У 2006 годзе на радыёстанцыі прайшлі практыку болей за 20 маладых людзей, якія бачаць сваё будучае ў сферы радыё. Некаторыя з іх ужо ў хуткім часе з'явяцца на антэне радыё ў якасці прафесійных ды-джэяў.
У планах Еўрарадыё – далейшы пошук шляхоў да сваёй мэтавай аўдыторыі – моладзі ва ўзросце 18-35 гадоў. Плануецца пашырэнне вяшчанне тэрытарыяльна праз супрацоўніцтва з новымі замежнымі партнёрамі-радыёстанцыямі, і рэкламныя акцыі на тэрыторыі Беларусі, і запуск новай гульні "Віртуальная Беларусь", прызначаны на вясну 2007 году.
Радыё ўвесь час абнаўляецца – з'яўляюцца новыя галасы і праграмы, ідэі і праекты. Як лічаць на самой станцыі, галоўнае – не спыняцца і ўпэўнена крочыць далей, насустрач сваёй аўдыторыі. І быць вернымі сваёй місіі – несці аб'ектыўную, сапраўдную, актуальную інфармацыю пра падзеі ў Беларусі і ў свеце.
Сёння праграмы Еўрапейскага радыё для Беларусі даступныя ў жывым эфіры і оффлайн на абноўленым сайце www.belradio.fm, іх таксама можна пачуць кругласутачна на спадарожніках HOTBIRD 6, 13° East, частата 11013 МГц (11013МГц/H/27500) і SIRIUS 2, 5° East, частата 12265MHz (12265МHz/H/27500). На частаце FM перадачы Еўрапейскага радыё для Беларусі слухаюць жыхары Берасця (на хвалях польскага "Радыё для Цябе" 103,4 FM з 5.00 да 6.40 штодзённа), Пінска (на хвалях украінскага радыё "Мелодыя" 107,1 FM з 13.00 да 14.00 і з 20.00 да 21.00, а таксама - штогадзінныя навіны з 11.55). "Акно ў Еўропу" таксама можна пачуць на радыё "Балтыйскія хвалі", частата 612 КГц, з 8.00 да 9.00.