Беларуская медыя-сітуацыя: у якіх кірунках яна можа мяняцца?
1. Некаторыя вынікі мінулага года
Як і ў папярэднія гады, улады актыўна імкнуліся выціснуць астатнія незалежныя друкаваныя СМІ з інфармацыйнай прасторы краіны1, ужываючы дзеля гэтага “традыцыйны” набор спосабаў: ад пазбаўлення каналаў распаўсюду да прыпынення дзейнасці выдання.
Дзяржаўныя медыі хоць і працягвалі займаць манапольнае становішча, аднак упершыню сутыкнуліся з праявамі публічнга астракізму з прычыны скажонага асвятлення імі прэзідэнцкіх выбараў ды ілжывай інтэрпрэтацыі паслявыбарных падзеяў.
Неабходна звярнуць увагу і на некаторыя іншыя з’явы, якія сталіся заўважнымі цягам мінулага года.
Перадусім гэта тэндэнцыя падзення цікавасці да сур’ёзных тэмаў і праблемаў, у тым ліку і палітычных. Сведчанні на карысць гэтай тэндэнцыі – узрослая папулярнасьць бульварнай прэсы і змены ў змесце афіцыйных медыяў у кірунку павелічэння беспраблемных, “лёгкіх” і забаўляльных матэрыялаў. Тлумачэнне пераакцэнтавання ўвагі трэба шукаць як у змесце афіцыйнай прапаганды (з яе “месыджам” стабільнасці і бліскучых перспектываў развіцця краіны), так і ў самой сітуацыі, перадусім эканамічнай, якая характарызавалася заўважным ростам спажывання тавараў большасцю насельніцтва.
Па-другое, прэзідэнцкія выбары ў краіне і наступныя падзеі засведчылі, што ў беларускіх медыя-аўдыторыях адбываюцца пэўныя структурныя зрухі. А менавіта - ўпершыню колькасць наведванняў найбольш папулярных незалежных інфармацыйных сайтаў падчас сакавіцкіх падзеяў сталася супастаўляльнай з накладам найбуйнейшай афіцыйнай (прэзідэнцкай) газеты “Советская Белоруссия”. Можна таксама дапусціць, што ў беларускіх медыя-аўдыторыях адбываецца павольнае пераразмеркаванне даверу ад афіцыйных да альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі (інтэрнэт-выданняў).
Па-трэцяе, відавочным фактам было развіццё беларускай інтэрнэт-прасторы. Павялічылася не толькі колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў, але з’явіліся і новыя інфармацыйныя рэсурсы. Дастаткова паспяхова развіваліся і некаторыя раней паўсталыя інфармацыйныя і аналітычныя старонкі.
Безумоўна важным было развіццё замежнага вяшчання на Беларусь. Перадусім, новыя радыйныя праекты пашырылі спектр асвятлення беларускай рэчаіснасці. Яны ж стваралі і больш поўную карціну падзеяў і працэсаў, што адбываюцца ў беларускім грамадстве.
Разам з тым, замежнае вяшчанне было далёка не беспраблемнае. Цалкам правальным стаўся праект тэлевізійнага вяшчанння RTVi. Праграма не толькі лёгка блакавалася тэхнічна, але і была цалкам неадпаведнай беларускім рэаліям. Пераважная большасць беларускіх тэлегледачоў нават і не чулі пра яе.
Праблемы, звязаныя з радыёвяшчаннем, маюць, аднак, іншы характар. Па-першае, гэта якасць прыёму і ахоп тэрыторыяў. Што тычыцца вялікіх гарадоў, гэтая праблема вырашальная праз добра распрацаваныя і дынамічныя вэб-старонкі і іх прамоцыю2. Разам з тым, відавочна, што ўсе радыёстанцыі мусяць мець тэхнічную магчымасць моцнага сігналу, што ахоплівае не толькі памежныя тэрыторыі. Па-другое, гэта праблема зместу вяшчання, якая на сёння выяўляецца ў тым, што карэспандэнцкая сетка ўсіх без выключэння станцый, што вяшчаюць на Беларусь, альбо слабая і неразгалінаваная, альбо недастаткова прафесійная. Да таго ж, аператыўнасць размяшчэння інфармацыі цягам дня на іх сайтах нездавальняльная.
2. Мажлівыя кірункі развіцця ў 2007 годзе
Няма сумневу, што палітычны крызіс, які паўстаў у стасунках Беларусі і Расіі, пацягне за сабою і пэўныя змены ў беларускай медыя-сітуацыі.
Не цяжка прадбачыць, што па меры таго, як рост цэнаў на тавары і паслугі будзе рабіцца ўсё больш заўважным, дзяржаўныя СМІ, якія дагэтуль тыражавалі вобраз “квітнеючай Беларусі”, акажуцца ў даволі супярэчлівай сітуацыі. А ўзнікненне любой сацыяльнай напружанасці можа стацца прычынай росту недаверу да іх (гэта тым больш верагодна, калі мець на ўвазе вышэйзгаданы прэцэдэнт публічнага астракізму ды працэс паступовага пераразмеркавання даверу ад дзяржаўных да альтэрнатыўных медыяў). Гэткім чынам, пры пэўных умовах, а менавіта – заўважным пагаршэнні эканамічнага і сацыяльнага самапачування пэўнай часткі насельніцтва, можна адназначна прагназаваць рост попыту на альтэрнатыўную інфармацыю.
У буйных гарадах найбольш папулярнымі каналамі атрымання такой інфармацыі будуць інтэрнэт і сатэлітнае тэлебачанне, а ў меншых – замежнае радыё і альтэрнатыўныя друкаваныя выданні.
Інфармацыйная вайна з Расіяй, што мела месца напрыканцы мінулага і пачатку гэтага года, як, дарэчы, і новыя “інфармацыйна-баявыя” дзеянні, сведкамі якіх мы яшчэ станемся, будуць мець далёкасяжныя наступствы і парадаксальныя вынікі3. Адным з іх, напрыклад, будзе рост тутэйшага патрыятызму ды своеасаблівай формы “дзяржаўнага нацыяналізму”, што будзе скарыстаны ўладай у якасці фактару кансалідацыі.
Разам з тым, цягам года з боку Крамля, найхутчэй, будуць ужытыя і новыя спосабы ціску на А. Лукашэнку. Верагоднасць такога развіцця тым большая, чым большых “поспехаў” у распальванні антыпуцінскіх і антырасійскіх настрояў дасягнуць афіцыйныя СМІ.
Маючы на ўвазе “новы” кантэкст стасункаў з Захадам, можна чакаць і пэўнага паслаблення антызаходняй рыторыкі. Аднак малаверагодна, каб гэты кантэкст істотна паўплываў на лібералізацыю медыя-сітуацыі ў краіне. Бо, па-першае, сумнеўна, каб цягам года ўлады апынуліся перад жорсткім выбарам - альбо эканамічныя рэформы, альбо (у выпадку адмаўлення ад іх) рост сацыяльнай напружанасці і змена кіроўнай эліты - і пайшлі на саступкі. А па-другое, агучаныя Еўразвязам прапановы па сваёй прагматыцы, відавочна, саступаюць рэальнай выгадзе сённяшніх эканамічных стасункаў з Расіяй. І гэта нягледзячы на той факт, што расійскія датацыі ў беларускую эканоміку істотна зменшыліся.
Гэткім чынам, малаверагодна, каб у 2007 годзе адбыліся нейкія сур’ёзныя зрухі ў кірунку наладжвання добрых стасункаў з Еўразвязам, а беларускія ўлады дзеля гэтага пагадзіліся б на ліберальныя саступкі ў галіне медыяў ці ва ўнутранай палітыцы. А таму найбольш істотную ролю ў кірунку будучых зменаў будуць усё ж адыгрываць унутрыэканамічныя і ўнутрыпалітычныя фактары і працэсы. А менавіта - рост коштаў на тавары і паслугі, падзенне пакупніцкай здольнасці насельніцтва, эфектыўнасць альбо неэфектыўнасць дзеянняў апазіцыі, спробы ўзмацніць прапагандысцкі ўплыў праз дзяржаўныя СМІ і г.д.
3. Найбольш важныя праекты
Хаця ў найбліжэйшай перспектыве гаворка і не ідзе пра істотныя зрухі ў сацыяльнай і палітычнай сітуацыі, развіццё падзеяў у краіне можа, аднак, набыць дастаткова дынамічны характар. (Гэта з прычыны кумулятыўнага эфекту – назапашвання розных негатыўных наступстваў – можа выявіцца ў другой палове года4). Улічваючы гэтую акалічнасць, мае сэнс надаць увагу наступным незалежным медыя-праектам:
- падтрымка незалежнай прэсы, а таксама развіццё іх інтэрнэт-версій;
- падтрымка мясцовых нетрадыцыйных друкаваных выданняў;
- стварэнне новых інфамацыйных і аналітычных вэб-старонак і, перадусім, моладзевых інтэрнэт-выданняў;
- стварэнне шэрагу невялікіх рэгіянальных інфармацыйных агенцтваў (напрыклад, на базе закрытых газет);
- істотнае ўмацаванне карэспандэнцкай сеткі незалежных радыё, што вяшчаюць з-за мяжы (варта прадугледзець таксама павелічэнне магутнасці сігналу гэтых радыёстанцый);
- сістэмны агляд і аналіз зместу найбольш важных прыўладных як беларускіх, так і расійскіх медыяў датычна магчымых варыянтаў развіцця беларуска-расійскіх стасункаў;
- публічны маніторынг парушэння журналістамі дзяржаўных СМІ прынцыпаў журналісцкай этыкі і прафесійных стандартаў;
- трэнінгі, разлічаныя на прафэсійнае кшталтаванне маладых незалежных журналістаў, асабліва што да працы ў складаных і экстрэмальных умовах;
- трэнінгі, датычныя інтэрнэт-журналістыкі;
- маніторынг і аналіз інфармацыйных і зместавых прэферэнцый розных беларускіх аўдыторый у зменлівай сацыяльна-палітычнай і эканамічнай сітуацыі.
4. Замест высноваў
Няма сумневу, што ў больш ці менш агляднай перпектыве сацыяльная роля медыяў у беларускім грамадстве мусіць заўважна падвысіцца. Адпаведна ўзрасце і іх адказнасць за тое, якую “карцінку” сацыяльнай, палітычнай і культурніцкай рэчаіснасці яны змадэлююць у галовах большасці беларускіх грамадзян.
Гэта адносна новая сітуацыя. І яна абазначае, што для незалежных медыяў актуальнымі робяцца як мінімум чатыры прафесійныя задачы:
- данесці ўсебаковую інфармацыю што да прычынаў крызісу ў беларуска-расійскіх стасунках ды пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў краіне,
- стварыць інфармацыйныя падставы выбару для як мага большай колькасьці грамадзянаў на карысць незалежнага і дэмакратычнага развіцця краіны,
- ператварыць незалежныя медыі ў пляцоўку для абмеркавання найбольш значных сацыяльных, палітычных, культурніцкіх і эканамічных праблем,
- спраўдзіць найвышэйшаю каштоўнасць журналісцкай прафесіі – свабоду слова.
- 1Напрыклад, на падставе пазасудовага рашэння быў прыпынены выхад часопіса “ARCHE”. Была пазбаўлена падпіскі газета “Бреcтcкий курьер”.
- 2 Пастаянныя карыстальнікі інтэрнэту ў Беларусі аддаюць відавочную перавагу прагляду сайтаў ці праслухоўванню гукавых файлаў, а не радыёперадач праз прымальнік.
- 3Такія дзеянні з беларускага боку магчымыя, як толькі выявяцца адчувальныя для насельніцтва наступствы падвышэння коштаў на тавары і паслугі.
- 4У якасці рэакцыі на негатыўныя наступствы можна чакаць пазбаўлення афіцыйных каналаў распаўсюду, падпіскі ці пазасудовага прыпынення выдання астатніх незалежных друкаваных СМІ ў краіне, а потым і іх закрыцця.
- 2 Пастаянныя карыстальнікі інтэрнэту ў Беларусі аддаюць відавочную перавагу прагляду сайтаў ці праслухоўванню гукавых файлаў, а не радыёперадач праз прымальнік.