Канферэнцыя міжнародных няўрадавых арганізацый Рады Еўропы выказалася ў падтрымку беларускіх СМІ і НДА


З заклікам "паважаць свабоду інфармацыі і забяспечыць бесперашкодную дзейнасць незалежных СМІ" звярнуліся да беларускіх уладаў удзельнікі Канферэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацый Рады Еўропы, якая прайшла з 29 студзеня па 1 лютага ў Страсбургу. 30-га студзеня яны прынялі адмысловую рэзалюцыю "Аб сітуацыі з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі", у якой шмат увагі надаецца свабодзе СМІ ў нашай краіне.

З заклікам “паважаць свабоду інфармацыі і забяспечыць бесперашкодную дзейнасць незалежных СМІ” звярнуліся да беларускіх уладаў удзельнікі Канферэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацый Рады Еўропы, якая прайшла з 29 студзеня па 1 лютага ў Страсбургу. 30-га студзеня яны прынялі адмысловую рэзалюцыю “Аб сітуацыі з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі”, у якой шмат увагі надаецца свабодзе СМІ ў нашай краіне.

У рэзалюцыі выказваецца заклапочанасць з нагоды сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, цалкам нелегітымных мясцовых выбараў, жорсткага заканадаўства, якім рэгулюецца дзейнасць НДА, прафсаюзаў, СМІ і Інтэрнэт, а таксама працягам рэпрэсій у дачыненні да актывістаў грамадзянскай супольнасці.
“Візіт у Беларусь Прэзідэнта ПАРЕ сп-ра Ренэ ван дэр Ліндэна (Mr. Rene van der Linden) выразна прадэманстраваў гатоўнасць Рады Еўропы да дыялогу”, - гаворыцца ў рэзалюцыі. Але для таго, каб распачаць гэты дыялог, беларускім ўладам неабходна выканаць некалькі ўмоваў: у прыватнасці, вызваліць палітычных вязняў і расследаваць справы аб зніклых, - лічаць аўтары дакумента.
Удзельнікі Канферэнцыі заклікаюць беларускія ўлады зрабіць шэраг крокаў на шляху да дыялогу з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі: спыніць ціск на палітычныя партыі, недзяржаўныя арганізацыі і пераслед іх лідэраў, дэкрыміналізаваць сяброўства і ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных НДА, паважаць свабоду інфармацыі і забяспечыць бесперашкодную дзейнасць незалежных СМІ, а таксама правесці свабодныя і празрыстыя выбары паводле заканадаўства, заснаванага на еўрапейскіх выбарчых стандартах.
Аўтары рэзалюцыі задэкларавалі падтрымку распрацаванага Радай Еўропы Плану садзеяння беларускім НДА праз шырэйшае супрацоўніцтва з імі па розных накірунках, і заклікалі Камітэт Міністраў Рады Еўропы і ўрады краін-удзельніц паспрыяць яго ажыццяўленню.
Канферэнцыя міжнародных няўрадавых арганізацый Рады Еўропы – адна з чатырох структур Рады Еўропы, у якую ўваходзяць таксама ПАРЕ, Камітэт Міністраў і Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы. Канферэнцыя аб’ядноўвае больш за 400 няўрадавых арганізацый з 47 краін.

Пытанне аб падтрымцы грамадзянскай супольнасці Беларусі разглядалася на пленарным паседжанні Канферэнцыі асобным пунктам. Рэзалюцыю “Аб сітуацыі з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі”прынялі адзінагалосна (адзін чалавек устрымаўся).

Поўны тэкст гэтага дакумента па-ангельску можна знайсці тут:
http://www.coe.int/t/e/ngo/public/Resolution_Belarus300107_en.asp#TopOfPage