Мінінфармацыі патрабуе ад "Витебского курьера" паведаміць новы адрас, а мясцовыя ўлады не прымаюць дакументы для рэгістрацыі


Міністэрства інфармацыі патрабуе ад заснавальніка недзяржаўнай грамадска-палітычнай газеты “Витебский курьер М” прадаставіць дакументальнае пацвярджэнне аб змяненні адраса рэдакцыі.

Міністэрства інфармацыі патрабуе ад заснавальніка недзяржаўнай грамадска-палітычнай газеты “Витебский курьер М” прадаставіць дакументальнае пацвярджэнне аб змяненні адраса рэдакцыі.

“У выпадку непрадастаўлення ў двухтыднёвы тэрмін дакументаў будзе разглядацца пытанне аб прыпыненні дзейнасці газеты “Витебский курьер М”, – паведамляецца ў лісце, за подпісам намесніка міністра інфармацыі Л.Ананіч, які атрымала рэдакцыя газеты 12 студзеня.

Нагадаем, 6 снежня Мінінфармацыі вынесла газеце “Витебский курьер М” папярэджання за парушэнне артыкула 11 Закона аб друку (пры змене месцазнаходжання рэдакцыі заснавальнік абавязаны ў месяцовы тэрмін пісьмова паведаміць аб гэтым у рэгіструючы орган).

У той жа час заснавальнік “Витебского курьера” ужо больш за тры месяцы не можа зарэгістраваць змены і дапаўненні ва ўстаноўчыя дакументы, у тым ліку і новы адрас рэдакцыі. Улады Першамайскага раёна Віцебска па розных прычынах адмаўляецца прыняць для перарэгістрацыі статута адпаведныя паперы.

У першых чыслах студзеня ЗАТ “Выдавецкі дом “Витебский курьер” атрымала назад пакет неабходных для перарэгістрацыі дакументаў, якія дасылала ў адміністрацыю Першамайскага раёна заказным лістом.

“Дакументы, накіраваныя па пошце для дзяржаўнай рэгістрацыі змяненняў і дапаўненняў... вяртаюцца Вам без выканання, так як Вамі парушана патрабаванне п. 22 Палажэння аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі”, – паведамляецца ў суправаджальным лісце за подпісам намесніка главы адміністрацыі І.Матвеевай.

“Мы проста вымушаны былі даслаць пакет дакументаў для перарэгістрацыі па пошце, таму што, калі мы прыносілі паперы самі, ў нас іх проста не прымалі, спасылаючыся кожны раз на розныя прычыны”, – паведаміла прэс-службе БАЖ Жанна Папова, дырэктар ЗАТ “Выдавецкі дом “Витебский курьер”. – На працягу двух месяцаў я хадзіла ў адміністрацыю Першамайскага раёна як на працу па два разы на тыдзень, каб падаць дакументы. Пасля чарговай адмовы пачала рабіць запісы ў кнігу водгукаў”.

“У снежні мы з галоўным рэдактарам газеты хадзілі на прыём да намесніка кіраўніка адміністрацыі Віктара Уласава па гэтым пытанні. Ён пацвердзіў нам, што сапраўды супрацоўнікам забаронена прымаць у нас дакументы, бо быццам бы мы парушылі заканадаўства пры размяшчэнні рэдакцыі на тэрыторыі раёна. Але адмовіўся пацвердзіць свае словы пісьмова”, – расказала Ж.Папова.

Каб зарыентавацца, якім чынам паступаць у гэтай сітуацыі, 15 студзеня Жанна Папова патэлефанавала ў Мінінфармацыі. Паводле слоў Ж.Паповай, у яе адбылася размова з Віктарам Гурэцкім: “Я патлумачыла, ў якой сітуацыі зараз знаходзіцца газета. Ён сказаў, што не ў курсе справы і параіў: “Дашліце ў міністэрства копію дамовы арэнды, заплаціце дзяржпошліну і апішыце, што ў вас там адбываецца”.

Нагадаем, паралельна з гэтым зараз рэдакцыя “Витебского курьера” вымушана адстойваць права на арэнду памяшкання у апеляцыйнай інстанцыі. 10 студзеня Гаспадарчы суд Віцебскай вобласці задаволіў зыск прадпрыемства, у якога газета арандуе памяшканне, аб прызнанні скасаванні дамовы на арэнду. Ад газеты патрабуюць вызваліць памяшканне.