Журналісту абмежавалі час працы на выбарчым участку адной гадзінай


У Віцебску на выбарчы ўчастак не дапускалі журналіста недзяржаўнай грамадска-палітычнай газеты "Народная воля" Валерыя Шчукіна падчас датэрміновага галасавання, а таксама ў дзень выбараў дэпутатаў у мясцовыя саветы.

У Віцебску на выбарчы ўчастак не дапускалі журналіста недзяржаўнай грамадска-палітычнай газеты “Народная воля” Валерыя Шчукіна падчас датэрміновага галасавання, а таксама ў дзень выбараў дэпутатаў у мясцовыя саветы.

Ніна Шубіна, старшыня выбарчай камісіі ўчастка для галасавання №52 Віцебска, 12 студзеня заявіла журналісту, што яму дазваляецца працаваць на гэтым участку толькі на працягу адной гадзіны.

Для пацвярджэння сваіх слоў Н.Шубіна ўручыла В.Шчукіну адпаведную паперу са сваім подпісам.

“Рашэннем участковай выбарчай камісіі участка для галасавання №52..., улічваючы, што ў перыяд з 09 па 12 студзеня 2007 года з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00 Вы заўсёды знаходзіцеся на ўчастку №52, тым самым выконваючы функцыі назіральніка, а не прадстаўніка сродкаў масавай інфармацыі, час знаходжання на ўчастку №52 Вам абмежаваны – 1 (адна) гадзіна”, – паведамляецца ў лісце, які журналіст атрымаў увечары 12 студзеня, калі прыйшоў на выбарчы ўчастак, адразу пасля таго, як яго адпусціла міліцыя.

Нагадаем, у гэты ж дзень каля 12.30 Валерый Шчукін быў затрыманы на выбарчым участку №52 супрацоўнікамі міліцыі і дастаўлены ў Першамайскі РАУС. Паводле тлумачэнняў міліцыянераў, якія праводзілі затрыманне, для дачы паказанняў па павестцы. У аддзяленні В.Шчукіна пратрымалі да 17.30, пасля чаго адпусцілі без пратаколу затрымання.

“На маё патрабаванне скласці пратакол міліцыянеры адказалі: “Мы вас не затрымлівалі”. 13 студзеня я не заходзіў на выбарчы ўчастак, працаваў побач на вуліцы, назіраў, як наведваюць участак выбарцы. А калі прыйшоў 14-га, мне амаль адразу заявілі, “ваша дазволеная гадзіна для працы на выбарчым участку мінула”, – расказаў прэс-службе БАЖ Валерый Шчукін.

Між іншым, паводле беларускага выбарчага заканадаўства, прадстаўнікі СМІ як і назіральнікі маюць права прысутнічаць пры правядзенні выбараў. У прыватнасці, журналісты маюць права прысутнічаць у памяшканні для галасавання з моманту пламбіравання да канчатковага падвядзення вынікаў галасавання. У тым ліку і пры датэрміновым галасаванні.