У Віцебску затрыманы журналіст і праваабаронца Валерый Шчукін
Сёння ў Віцебску на выбарчым участку №52 затрыманы журналіст і праваабаронца Валерый Шчукін. Ён працаваў на участку ў якасці журналіста і меў пры сабе пасведчанне карэспандэнта газеты “Народная воля”.
Па тлумачэннях міліцыянераў, спадар Шчукін затрыманы за тое, што не з’яўляецца па павестцы ў Першамайскае РАУС, дзе на яго ў сярэдзіне снежня была заведзеная крымінальная справа па артыкуле 189 часткі 2 Крымінальнага кодэксу. В.Шчукін абвінавачваецца ў распаўсюдзе ўлётак, якія ўтрымліваюць знявагі ў адрас чальцоў выбарчай акругі №58 Віцебска.
Але ўчора 11 студзеня Валерый Шчукін прыходзіў па павестцы ў Першамайскае аддзяленне міліцыі і гутарыў са следчым.
Зараз журналіст знаходзіцца ў пастарунку Першамайскага РАУС. Яму адмовілі ў праве скарыстацца юрыдычнай дапамогай з боку прадстаўніка Беларускага Хельсінскага камітэта па Віцебскай вобласці Паўла Левінава. Кіраўніцтва РАУС прапанавала паслугі дзяжурнага адваката.
Нагадаем, падобныя інцыдэнты з затрыманнем здараюцца з В.Шчукіным на адным і тым жа выбарчым участку ўжо трэція выбары запар.