У Гомелі адбыўся суд па зыску актывіста АГП да газеты "Гомельская праўда"


Разгляд судовай справы па зыску аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі старшыні гомельскай гарадской арганізацыі Аб`яднанай грамадзянскай партыі Андрэя Толчына да дзяржаўнай абласной газеты "Гомельская праўда" распачаўся 9 студзеня ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля.

Разгляд судовай справы па зыску аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі старшыні гомельскай гарадской арганізацыі Аб`яднанай грамадзянскай партыі Андрэя Толчына да дзяржаўнай абласной газеты “Гомельская праўда” распачаўся 9 студзеня ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля.

Па прапанове суддзі Мікалая Крупадзёрава бакі пагадзіліся ўрэгуляваць спрэчку. Суд абавязаў газету “абвергнуць непраўдзівыя і абразлівыя звесткі” у адрас партыйнага актывіста, выкладзеныя ў артыкуле “А вы, друзья, как ни садитесь…” (“ГП”, №167, 16 лістапада 2006 г.), якія і сталі прычынай пазову.

Дамовіліся, што да наступнага судовага паседжання, якое запланавана на 16 студзеня, А.Толчын асабіста падрыхтуе тэкст абвяржэння.

Падчас судовага разбіральніцтва рэдактар аддзела грамадска-палітычнага жыцця і права “Гомельскай праўды” Алена Аленчанка, якая прадстаўляла ў судзе газету, заявіла, што не гатова назваць сапраўднае імя аўтара публікацыі, які падпісаўся псеўданімам Пётр Кузьмін, паведаміўшы толькі, што гэта пазаштатны аўтар.

Андрэй Толчын у сваю чаргу запатрабаваў, каб 16 студзеня, калі будзе ўзгадняцца тэкст абвяржэння, у суд абавязкова з`явіўся і ананімны аўтар. Гэтае патрабаванне падтрымаў і суддзя Крупадзёраў.

У зыскавай заяве А. Толчын адзначае, што газета “у глыбока абразлівай форме падала не адпавядаючыя сапраўднасці звесткі, назвала мяне і маю жонку бамжамі”.

Паводле слоў Андрэя Толчына, “афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі не толькі дыскрэдытуюць дэмакратычных актывістаў, але і апусціліся да простай абразы іх як асоб і грамадзян”. “Беспакараным пакідаць гэта нельга. Я не прагну крыві, але лічу: калі ёсць абраза, яны павінны зняць з мяне гэтую абразу, абвергнуць усе ілжывыя звесткі”, – абгрунтаваў сваю пазіцыю актывіст АГП.

Першапачаткова ў зыску А. Толчын патрабаваў праз суд абавязаць газету «Гомельская праўда» апублікаваць абвяржэнне, а таксама спагнаць у якасці кампенсацыі за маральны ўрон 10 мільёнаў з рэдакцыі і 2 мільёны рублёў з аўтара артыкула.