"Витебский курьер" вымушаны абараняць у судзе права на арэнду памяшкання для рэдакцыі


Сёння ў гаспадарчым судзе Віцебскай вобласці адбудзецца другое судовае пасяджэнне па зыску ААТ "Элсан" да недзяржаўнай грамадска-палітычнай газеты "Витебский курьер М". Прадмет судовай спрэчкі - дамова арэнды памяшкання, дзе зараз размяшчаецца рэдакцыя выдання.

Сёння ў гаспадарчым судзе Віцебскай вобласці адбудзецца другое судовае пасяджэнне па зыску ААТ “Элсан” да недзяржаўнай грамадска-палітычнай газеты “Витебский курьер М”. Прадмет судовай спрэчкі – дамова арэнды памяшкання, дзе зараз размяшчаецца рэдакцыя выдання.

Нагадаем, 6 снежня мінулага года “Витебский курьер” атрымаў пісьмовае распараджэнне ад свайго арэндадаўцы на працягу двух сутак вызваліць памяшканне. Рэдакцыя адмовілася выканаць гэта патрабаванне, пасля чаго прадпрыемства “Элсан” звярнулася ў суд з просьбай прызнаць дамову арэнды несапраўднай.

Першае пасяджэнне суда па гэтай справе адбыло 5 студзеня і было перанесена на 10 чысло “у сувязі з падрыхтоўкай удзельнікамі працэсу дадатковых матэрыялаў справы”.

На думку прадстаўніка зыскоўцы, юрыста ААТ “Элсан” Аляксандра Сямёнава, які, дарэчы, сам прымаў удзел у падрыхтоўцы дамовы арэнды, “дамова арэнды з\яўляецца нікчэмнай, паколькі ЗАТ “Выдавецкі дом “Витебский курьер” не ўзгадніла размяшчэнне свайго офіснага памяшкання з адміністрацыяй Першамайскага раёна Віцебска”. Паводле слоў А. Сямёнава, “гэта здзелка пярэчыць “Закону аб мясцовым упраўленні і самаўпраўленні”.

Гэтыя доказы падтрымала ў сваім выступе ў судзе юрысконсульт А. Агафонава, якая прадстаўляла трэцюю асобу – адміністрацыю Першамайскага раёна Віцебска.

Галоўнага рэдактара “Витебского курьера” Уладзіміра Базана здзівіла тое, што аператар Віцебскай абласной тэлестудыі рабіў здымкі судовага пасяджэння. “Цікавасць да гэтай справы з боку мясцовага тэлебачання стала для мяне вялікай нечаканасцю. Пры гэтым журналіста пад час разгляду справы ў зале суда не было”, – сказаў У. Базан.

У якасці назіральніка на судзе 5 студзеня прысутнічаў дарадца пасла Мінскага офіса ОБСЕ.