Журналіст з Пінску Аляксей Дуброўскі стаў пераможцам конкурсу БАЖ
Пінскі журналіст Аляксей Дуброўскі, фотакарэспандэнт газеты “Живая вода”, стаў пераможцам творчага конкурсу на лепшае асвятленне тэмаў сацыяльнага жыцця, краязнаўства і экалогіі Палескага краю за 2006 год, які праводзіў БАЖ сярод сваіх сяброў у Пінскім рэгіёне.
На конкурс былі прапанаваны больш за трыццаць матэрыялаў, апублікаваных у газетах “Мясцовы час”, “Пінскі веснік”, “Живая вода”, “Полесская правда” і іншых на працягу мінулага года.
Найбольш актуальнымі і сацыяльна значнымі, на думку пінскіх калег, прызнаны работы А.Дуброўскага.
Аляксей Дуброўскі ў 2006 годзе апублікаваў у розных выданнях прыкладна 125 артыкулаў на тэмы экалогіі, краязнаўства, турызму і гісторыі. Асабліва выбітным сярод яго творчых работ выглядае фотаальбом аб Піншчыне “Край пад белымі крыламі”.
Таксама пінскія журналісты адзначылі сярод лепшых артыкулы А.Дуброўскага “Да чаго дажывёмся?”, “Падарожжа да вытокаў Прыпяці”, “Своечасовы прыпынак”(г-та “Мясцовы час”), “Музей, дзе частуюць травамі” (г-та “Живая вода”), “Скарбы возера Нобель” (“Echa Palesia”).