Рабочы дзяржаўнага прадпрыемства дамогся ануляцыі прымусовай падпіскі на "Советскую Белоруссию"
У Магілёве працаўнік мясцовага прадпрыемства дамогся ад кіраўніцтва анулявання прымусовай падпіскі на дзяржаўную газету “Советская Белоруссия”.
Вахцёр ААТ “Магілёўсаюздрук” Андрыян Кавалёў, атрымліваючы заробак у верасні, выявіў, што з яго вылічылі грошы на квартальную падпіску газеты “Советская Белоруссия”. Але, як паведаміў сп-р А.Кавалёў супрацоўніку службы маніторынгу БАЖ, ён асабіста гэтай газеты не выпісваў.
Андрыян Кавалёў выказаў сваю нязгоду кіраўніцтву, аднак пазбавіцца прымусовай падпіскі пасля перамоў з начальствам яму не ўдалося. Каб адстаяць свае правы, працаўнік быў вымушаны звярнуцца па дапамогу ў гарадскую інспекцыю працы. У выніку А.Кавалёву вярнулі грошы, вылічаныя раней на падпіску “Советской Белоруссии”.
У хуткім часе пасля інцыдэнту адміністрацыя прадпрыемства выявіла на працоўным месцы А. Кавалёва нейкія недахопы і пакарала рабочага змяншэннем прэміі.
У выніку А. Кавалёў прыняў рашэнне звольніцца з прадпрыемства. Адміністрацыя спачатку не пагаджалася скасоўваць працоўны кантракт па фармулёўцы “са згоды абодвух бакоў” (што захоўвае за рабочым пэўныя сацыяльныя і матэрыяльныя перавагі). Вырашыць гэтае пытанне А.Кавалёву дапамаглі спецыялісты юрыдычнай службы рэгіянальнага філіяла Незалежнага прафсаюза РЭП.