Недзяржаўную газету "Витебский курьер" папрасілі вызваліць памяшканне
Рэдакцыі недзяржаўнай рэгіянальнай газеты “Витебский курьер М” другі раз за апошнія тры месяцы адмаўляюць у арэндзе памяшкання.
Кіраўніцтва віцебскага прадпрыемства “Элсан”, у якога газета з кастрычніка гэтага года арандавала памяшканне для офісу, тэрмінова скасоўвае дамову арэнды.
“У сувязі з парушэннямі заканадаўства, дапушчанымі пры заключэнні дамовы... паміж ААТ “Элсан” і ЗАТ “Выдавецкі дом “Витебский курьер”, а менавіта – адсутнасці ўзгаднення Адміністрацыі раёна аб размяшчэнні суб’екта гаспадарання на тэрыторыі Першамайскага раёна г. Віцебска..., дамова... з’яўляецца несапраўднай”, – сцвярджаецца ў лісце за подпісам дырэктара прадпрыемства В. Дзмітрычэнкі, які атрымала 6 снежня рэдакцыя газеты.
“Витебский курьер” паставілі перад фактам, што цягам двух дзён – да 12 гадзін 8 снежня – выданне павінна вызваліць памяшканне.
“Раптоўная перамена настрою дырэктара прадпрыемства, як потым высветлілася, было выклікана ціскам мясцовых улад. У памяшканне ААТ “Элсан” газета пераехала пасля гадавой арэнды двух пакояў у будынку віцебскага таксапарка. Па прызнанні дырэктара таксапарка, ён сам любіў пачытаць “ВК”, але над ім стаяў начальнік, які ў сваю чаргу падпарадкоўваўся гарвыканкаму, і рэдакцыю “папрасілі””, – паведаміў службе маніторынгу БАЖ Уладзімір Базан, галоўны рэдактар “Витебского курьера”.
Між тым, паводле Палажэння аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання – якое ўтрымлівае вычарпальны пералік неабходных дакументаў і зацверджанае Дэкрэтам №11 Прэзідэнта Беларусі – згода мясцовай выканаўчай улады на размяшчэнне на падведамнай ёй тэрыторыі юрыдычнай асобы не патрабуецца.