Перафарматаванне інфармацыйнай прасторы: змест і функцыі незалежных медыя (абмяркоўваем на форуме – далучайцеся)


Цягам кастрычніка гэтага года сайты "Наше мнение" і "Новая Европа" правялі дыскусію, прысвечаную праблемам і перспектывам незалежных медыя. Дыскусія канстатавала: незалежная беларуская прэса апынулася на мяжы знікнення.

«О чем наши альтернативные СМИ будут рассказывать?
Это самый главный вопрос.»
П. Марцаў

«То есть, мы все—таки пришли к тому, что основной вопрос – это вопрос... о том, каким содержанием наполнить имеющиеся медиапроекты».
В. Шпарага

Цягам кастрычніка гэтага года сайты “Наше мнение” і “Новая Европа” правялі дыскусію, прысвечаную праблемам і перспектывам незалежных медыя (гл.: Проблемы и перспективы независимых СМИ (“НМ”, 02.10.06), Развеять туман над Беларусью – и оставить куликов в покое (“НЕ”, 18.10.06) і Проблемы и перспективы независимых СМИ (II) (“НМ”, 24.10.06).
Дыскусія канстатавала: незалежная беларуская прэса апынулася на мяжы знікнення. Увідавочыла яна і яшчэ адну праблему — пэўную крызу ў разуменні перспектыў выйсця з гэтай сітуацыі. А крыху нечаканым яе вынікам сталіся высновы, вынесеныя ў эпіграф.
Мэта артыкулу палягае аднак не ў тым, каб рэанімаваць дыскусію. Хутчэй, гэта спроба акцэнтаваць увагу на некаторых магчымасцях развіцця сітуацыі на карысць незалежных медыя, на праблеме іх зместу ды мэтазгоднасці падтрымкі тых ці іншых медыя праектаў.

Па-за медыйныя задачы і якасць журналістыкі

Ігнараванне рэальнай патрэбы грамадства ў альтэрнатыўнай (насамрэч, — усебаковай) інфармацыі, а таксама прыпісванне медыя выключна інструментальнай функцыі (што мажліва, калі забыцца на журналісцкую этыку) — адна з галоўных прычынаў, чаму ў грамадствах, дзе адсутнічае традыцыя свабоды слова, медыя самі даволі часта робяцца аб’ектамі маніпулявання. Інакш кажучы, ператвараюцца ў ідэалагічныя інструменты.

І хаця ў выніку крытычных заўвагаў П.Марцаў сфармуляваў пазней больш мяккую (контр)прапагандысцкую канцэпцыю зместу альтэрнатыўных медыя1, разуменне іх ролі засталося аднак нязменным. Працытуем фрагмент з трэцяга “круглага стала”: “Применительно к первой постановке проблемы, а именно масс—медиа с точки зрения реализации мобилизационной и пропагандистской функций – не будем пугаться этих слов, – я высказал мнение, что они должны быть нацелены на какой—то определенный результат.
И если наши политики ставят задачу осуществить перемены в стране, а специалисты сферы медиа примериваются к этой задаче со своим инструментарием, то отсюда и возникает предложение вроде того, что и было озвучено: технологическая и финансовая концентрация с целью формирования четырех, трех, возможно даже одного СМИ – в зависимости от того, как оно будет работать».

І, сапраўды, не варта пужацца сітуацыі, калі палітыкі, калі хочуць здзейсніць перамены, ствараюць медыя з прапагандысцкімі і мабілізацыйнымі функцыямі. Больш за тое, кепска, што яны так і не здолелі стварыць іх дагэтуль. Турбуе іншае, а менавіта — тое, што “специалисты сферы медиа примериваются к этой задаче со своим инструментарием» і пры гэтым актыўна выступаюць супраць іншых медыя праектаў, а да таго ж, хочуць манапалізаваць медыйную прастору праз існаванне ў ёй «возможно даже одного СМИ».2

Па вялікім рахунку, я не з’яўляюся праціўнікам партыйнай журналістыкі. Але варта прызнаць, што прапагандысцкія і мабілізацыйныя функцыі не ёсць уласна медыйнымі, калі пад медыя разумець сродкі інфармацыі, пры дапамозе якіх у публічнай прасторы культывуецца свабода слова ды іншыя дэмакратычныя каштоўнасці.

Гэткім чынам, сфармуляваная сп. Марцавым задача — партыйная і палітычная. А прапанаваны ім праект, хоць і можа на нейкі кароткі час стацца дамінантным, але ні ў якім разе не павінен быць адзіным. Ён мусіць ураўнаважвацца шэрагам іншых праектаў, базаваных на фундаментальных дэмакратычных каштоўнасцях ды якаснай журналістыцы.

З увагі на сказанае надзвычай сумнеўнымі з’яўляюцца і сцверджанні П. Марцава адносна таго, што спонсары, падтрымліваючы малыя праекты “развращают профессиональные кадры», і што «только в нормальном, хорошо простроенном, достаточно масштабном средстве массовой информации создаются условия, вынуждающие совершенствоваться».

Аргументы яўна не прымальныя. Бо любы прапагандысцкі і мабілізацыйны медыя—праект ужо па вызначэнні не мае нічога супольнага з якаснай журналістыкай. А калі падобныя праекты прэтэндуюць яшчэ і на тое, каб манапалізаваць медыя-прастору, дык яны, пасля таго, як змены адбыліся, ператвараюцца для пераможцаў у зручную пляцоўку дзеля таго, каб манапалізаваць надалей і ўвесь медыя-бізнес. На практыцы гэта азначае, што незалежныя журналісты і грамадзянская супольнасць зноў апынаюцца перад неабходнасцю змагання за свабодныя і некантраляваныя СМІ.

Функцыі і змест медыя

Дык якія медыя патрэбныя тады ў сённяшняй сітуацыі і якім мусіць быць іхні змест?

Каб адказаць на гэтае пытанне, пачнём з простай канстатацыі. У любым нармальным грамадстве медыя — гэта крыніца ўяўленняў пра сацыяльную рэчаіснасць, канструктар культурніцкіх сэнсаў, прастора функцыянавання грамадскай апініі, а таксама рэпрэзентант інтарэсаў розных сацыяльных і палітычных груповак. Калі, зыходзячы з гэтых крытэраў, паглядзець на медыя сітуацыю, дык выразна бачна, што ў ёй адбываецца і якія рэальныя функцыі медыя ў ёй выконваюць альбо не выконваюць.

Што да дзяржаўных медыя, дык іхныя функцыі досыць ясныя: вертыкальная падтрымка ўлады, адпаведным чынам прэпараваная карцінка сацыяльнай рэчаіснасці (мы ўсім абавязаныя вядома каму), выпрадукаванне прымітыўных культурніцкіх і сацыяльных сэнсаў (кшталту “чарка ды шкварка” альбо “цвярозы і здаровы лад жыцця” ў залежнасці ад таго, ужывае канкрэтны чалавек алкаголь ці не) ды атаясамленне інтарэсаў уладнай групоўкі з інтарэсамі усяго беларускага народа.

Недзяржаўныя медыя (прэса), хоць і не падпадаюць пад падобную характарыстыку, але зусім не пазбаўленыя іншых хібаў, нават калі браць пад увагу і значна лепшыя для іх часы. Напрыклад, трэба прызнаць, што, выбудоўваючы сваю карцінку, перадусім, палітычнай рэчаіснасці, яны даволі часта былі не менш тэндэнцыйныя за дзяржаўныя. А некаторыя не змянілі сваіх базавых інтэрпрэтацыйных схемаў і па сёння.

Што да канструявання сацыяльных і культурніцкіх сэнсаў, дык некаторыя друкаваныя выданні нават і не ўсведамлялі (ці не ўсведамляюць дагэтуль) неадпаведнасці трансляваных імі ў беларускую сітуацыю канцэптаў. Даволі распаўсюджаны прыклад такой неадпаведнасці публікацыя на старонках шэрагу недзяржаўных выданняў (палітычна арыентаваных на беларускую прастору) кантэкстуальна неадэкватных культурніцкіх і гістарычных тэкстаў.

Напрыклад, беларускаму чытачу сістэмна распавядаюць пра слаўныя старонкі расейскай гісторыі, выбітных дзеячаў расейскай культуры, актыўна друкуюць інтэрв’ю з маскоўскімі акторамі ці поп-зоркамі (а чаму ня кіеўскімі альбо варшаўскімі?!).

Пры ўсёй цікавасці падобных матэрыялаў, апошнія не маюць аніякага дачынення да выпрадукавання новых культурніцкіх сэнсаў, акрамя аднаго і вельмі старога: Беларусь – гэта правінцыя Расеі.

Не нашмат лепей выглядае сітуацыя і з выпрадукаваннем пазітыўных сацыяльных і незалежніцкіх сэнсаў. Некаторыя недзяржаўныя медыя ці эксперты, па меркаванні якіх тыя звяртаюцца, па-ранейшаму шчыра гаруюць з прычыны “тармажэння беларускім бокам” працэсаў інтэграцыі з Расеяй ды выкрываюць “падманы” лукашэнкаўскай улады на шляху ўвядзення “адзінай валюты”.

У нашу задачу, вядома ж, не ўваходзіць аналіз зместу недзяржаўных медыя. Сказанае, аднак, дазваляе зрабіць яшчэ адну выснову: сёння мы маем справу і з пэўнай крызай зместу медыя (крызай прадукавання сацыяльных і культурніцкіх сэнсаў), якая ў выпадку з рэгіянальнымі газетамі абцяжараная яшчэ і самацэнзурай.

Што з гэтага вынікае? Па-першае, старыя каштоўнасныя і інтэрпрэтацыйная мадэлі, якімі карыстаюцца ці карысталіся недзяржаўныя медыя, болей неактуальныя і мусяць быць замененыя, па—другое, у грамадстве (масавай свядомасці) адбыліся і адбываюцца працэсы, якія пакуль не да канца усведамляюцца і, адпаведна, не знаходзяць адэкватнага адлюстравання ў медыя. Вінаваціць у гэтым толькі незалежныя СМІ было б несправядліва. Бо разуменне ды інтэрпрэтацыя сацыяльных працэсаў – задача, перадусім, інтэлектуальнай і культурніцкай супольнасцяў краіны.

Разам з тым крыза актуалізуе і некаторыя іншыя праблемы, а менавіта, — а) якаснай журналістыкі, б) разнастайнасці незалежных медыя праектаў і в) рэалізацыі шэрагу інтэлектуальных (аналітычных) і культурніцкіх праектаў, якія якраз і патрэбныя дзеля выпрадукавання ці актуалізацыі новых сацыяльных і культурніцкіх сэнсаў)3.

Што да новых палітычных сэнсаў ці матывацый масавага палітычнага дзеяння, дык яны з’явяцца не раней, чым у самой палітычнай рэчаіснасці не пачнуць выяўляцца пэўныя зрухі. (Напрыклад, змены, якія паказвалі б на крызісныя з’явы ў эканоміцы ці сістэме ўлады)4.

І, нарэшце, медыя як рэпрэзентанты інтарэсаў розных сацыяльных і палітычных груповак. Гэта самая парадаксальная для нашых медыя функцыя. Бо значная частка грамадства, не ўсведамляючы гэтых інтарэсаў, адпаведна ня мае аніякай патрэбы ў іх палітычнай рэпрэзентацыі. Такая сітуацыя — вынік сістэмнай палітыкі, якую ўлады як раз і распачала з паступовага выцяснення незалежных медыя з публічнай прасторы, а апазіцыйных палітыкаў і партый з публічнай сцэны.

Задача такой палітыкі — фрагментаваць грамадства, парушыць каналы камунікацыі паміж рознымі яго сацыяльнымі, палітычнымі і культурніцкімі сегментамі. Нарэшце, звузіць і саму публічную прастору як месца фармавання грамадскай апініі, абмену крытычнымі думкамі і меркаваннямі.

Гэткім чынам, паводле кантрасту, робіцца відавочнай і супрацьлеглая (пазітыўная) функцыя альтэрнатыўных медыя – удзельнічаць у выбудове гарызантальных сувязяў салідарнасці і прамоцыі грамадзянскіх каштоўнасцяў.

З гэтага вынікае і яшчэ адна канкрэтная задача – развіццё такіх медыя, якія самі з’ яўляліся б часткай працэсу фармавання ці ўмацавання розных супольнасцяў як тэрытарыяльных, так і экс—тэрытарыяльных. Але гэта ўжо ня ёсць уласна журналісцкай справай.

Эфектыўнасць медыя

У папярэдніх раздзелах я наўмысна пазбягаў карыстання тэрмінамі “СМІ” ці “мас-медыя” датычна сённяшняй беларускай сітуацыі. А збольшага ўжываў слова “медыя”. Рэч у тым, што медыя – гэта проста сродак перадачы інфармацыі. А каб ператварыць яго ў сродак масавай інфармацыі, трансляваны праз яго змест мусіць зрабіцца цікавым дзесяткам ці сотням тысячам чытачоў, гледачоў ці слухачоў. Другая істотная характарыстыка медыя як СМІ – лёгкасць у спажыванні і даступнасць выпрадукаванага зместу. І, нарэшце, каб быць СМІ, растыражаваная праз медыя інфармацыя мусіць быць аператыўнай.

Няцяжка заўважыць, што названыя характарыстыкі можна лёгка выкарыстаць і ў якасці крытэраў для ацэнкі эфектыўнасці СМІ. Гэткім чынам, СМІ тым больш эфектыўныя, чым больш цікавы іхні змест, чым больш даступнымі яны робяцца і чым больш аператыўнай (актуальнай) з’яўляецца інфармацыя, якую яны прадукуюць. (Можна сказаць і так: мас-медыя тым больш эфектыўныя, чым меней часу ім неабходна, каб растыражаваць выпрадукаваную інфармацыю і даставіць яе найбольшай колькасці зацікаўленых спажыўцоў).

Гэткім чынам, зыходзячы з чыста “тэхнічных” крытэраў можа падасца, што недзяржаўныя медыя прайгралі дзяржаўным. Тое зусім ня так. Бо дамінантнае становішча апошніх – вынік не канкурэнцыі “зместаў”, а блакавання выхаду і распаўсюду недзяржаўнай прэсы. Раней, як вядома, тое адбылося і з электроннымі СМІ. Што ж з усяго сказанага вынікае?

Высновы

  • эфектыўнасць тых ці іншых незалежных медыя-праектаў у сённяшняй сітуацыі не мусіць ацэньвацца адно праз “тэхнічныя” крытэрыі, напрыклад, “ахоп” вяшчання ці колькасць чытачоў незалежнага выдання. Няма сумневу, што “тэхнічныя” характарыстыкі мусяць быць як мага больш высокімі, аднак яны не з’яўляюцца пакуль што стратэгічна вызначальнымі. Стратэгічна вызначальным з’яўляецца выпрадукаванне недзяржаўнымі СМІ адэкватнага сённяшнім рэаліям зместу ды актуалізацыя розных сацыяльных і культурніцкіх сэнсаў незалежнага беларускага грамадства;

  • істотная задача недзяржаўных медыя – выйсце з пост-савецкай ці, т. зв., “адзінай інфармацыйнай прасторы” ды актуалізацыя еўрапейскага інфармацыйнага і культурніцкага кантэкстаў дзеля будучага дэмакратычнага развіцця краіны;

  • недзяржаўныя медыя мусяць правесці рэвізію сваіх інтэрпрэтацыйных мадэляў беларускай рэчаіснасці, што з’яўляецца неабходнай умовай іх развіцця дзеля прадукавання больш якаснага інфармацыйнага прадукту. Запатрабаванасць такога прадукту істотна ўзрасце ў выпадку любых праяваў сацыяльнай ці палітычнай крызы ў грамадстве. Адпаведна, кшталтаванне высокіх прафесійных стандартаў – першачарговая задача незалежнай журналісцкай супольнасці краіны;

  • відавочна, што інтэрнэт з’яўляецца самым аператыўным, свабодным і даволі распаўсюджаным сродкам публічнай камунікацыі. Адпаведна, незалежныя (друкаваныя і электронныя) медыя павінны мець як тэхнічныя, так і іншыя магчымасці прысутнасці ў інтэрнэт-прасторы. Зразумела, што інтэрнэт мусіць стацца месцам развіцця і самых розных іншых незалежных медыя-праектаў;

  • у звязку з тым, што ў беларускім грамадстве істотна парушаны гарызантальныя сувязі (грамадства знаходзіцца ў стане фрагментаванасці) важнымі з’яўляюцца тыя медыя-праекты, якія базуюцца на канцэпце “грамадзянскай журналістыкі” (civic journalism);

  • з названай прычыны істотнымі з’яўляюцца таксама і такія медыя-праекты, якія альбо ўдзельнічаюць, альбо з’яўляюцца часткай працэсу фармавання тэрытарыяльных і экс-тэрытарыяльных супольнасцяў (культурніцкія, адукацыйныя, інтэлектуальныя, маладзёвыя ды іншыя медыя-праекты);

  • няма сумневу, што ў пэўнай перспектыве дзяржаўныя медыя (як ідэалагічны інструмент улады) сутыкнуцца з сур’ёзнай крызай зместу (першыя праявы такой крызы былі відавочныя падчас сакавіцкіх падзеяў у Менску, калі тысячы маладых людзей публічна выказвалі сваё абурэнне асвятленнем дзяржаўнымі СМІ падзеяў на Плошчы). Не выключана, што пэўная сітуацыя крызы можа паўстаць і ў найбліжэйшай перспектыве ў звязку з беларуска-расійскімі дачыненнямі;

  • далейшае развіццё замежнага радыё і тэлевізійнага вяшчання нягледзячы на нізкую — параўнальна з вяшчаннем унутры краіны — эфектыўнасць з’яўляецца імператыўнай неабходнасцю. Бо, акрамя ўсяго іншага, у выпадку блакавання інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў яно можа аказацца адзінай шырока даступнай крыніцай інфармацыі.



1 "Под «контрпропагандой» понимается иная подача информации, иной подбор новостей, соответственно, иная информационная картина".
2 Аналягічнай пазіцыі прытрымліваецца і сп-ня Калінкіна: “И в сфере печатных СМИ, мне кажется, может быть только один адекватный ответ: это проект массового тиражного ежедневного издания, которое не продается, а просто раздается – на улице, по почтовым ящикам. (...)Но если одного такого (или даже двух-трех) массовых изданий не будет, то принципиально ситуация не изменится».
3 У зьвязку з гэтым падтрымка доўгатэрміновых нацыянальна-культурніцкіх, інтэлектуальных і адукацыйных праектаў, якія сп-ня Калінкіна не зусім адэкватна называе як «адраджэнне, абуджэнне народа, адукацыя», ня толькі важная, але і ў сітуацыях крызы – стратэгічна неабходная.
4 Дарэчы адзначыць, што СМІ з выразна прапагандысцкімі і мабілізацыйнымі функцыямі найбольш эфектыўныя ў пэрыяды, калі ў грамадзтве зьяўляецца недавер да дзеючай улады.