Прэс-сакратар Лукашэнкі: расійскія СМІ вядуць інфармацыйную вайну супраць Беларусі
Расійскія СМІ вядуць інфармацыйную вайну супраць Беларусі, — заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Беларусі Павел Лёгкі, каментуючы 3 снежня ў эфіры тэлеканала ОНТ інцыдэнт з расійскімі журналістамі на самміце СНД.
Карэспандэнта “Московского комсомольца” трывалі пакуль не дайшло да “бруду”, “зняваг”, “хамства”. Наогул журналіст “МК” працаваў у нашай краіне, парушаючы заканадаўства, — патлумачыў П. Лёгкі рашэнне беларускіх уладаў пазбавіць акрэдытацыі на самміт СНД журналістку “МК” Наталлю Галімаву, а таксама фотакарэспандэнтаў “МК” і “Коммерсанта” — Аляксандра Астаф’ева і Дзмітрыя Азарава.
Што датычыцца фотакарэспандэнта газеты “Коммерсант” – дастаткова пагартаць падшыўкі гэтай газеты, паглядзець, якія фотаздымкі яны друкуюць. Становіцца зразумелым, што гэтыя выданні вядуць інфармацыйную вайну супраць Беларусі, — рэзюмаваў прэс-сакратар беларускага прэзідэнта.
“Гэтыя выданні – салдаты на полі бою, за імі стаяць камандзіры, заказчыкі, якіх не вельмі добра бачна, але якім мы ведаем. Гэта і пэўная частка бізнес-эліты, гэта і некаторыя палітыкі, якім не падабаецца тое, што адбываецца. І ў некаторых ёсць свая ідэя адносна кіраўніцтва Беларусі. Нарэшце, гэта каляпалітычныя маргіналы, якіх цікавіць толькі магчымасць плюнуць у каго-небудзь. Не важна ў каго”, — выказаў свае меркаванне Павел Лёгкі.
“Гэты дэмарш пачаўся, калі нейкая высокапастаўленая асоба з расійскай дэлегацыі сабрала журналістаў вакол сябе. Пасля гэтага, пачалося гэтае – наўмысна вазьму ў дзвюхкоссе — “сумеснае дзеянне”, журналісты пакінулі самміт”, — паведаміў Павел Лёгкі і заклікаў у сведкі іншых журналістаў, якія працавалі таксама ў гэты час у прэс-цэнтры ў Нацыянальнай бібліятэцы.
Нагадаем, 28 лістапада падчас самміту СНД у Мінску ўсе расійскія журналісты (пакінуўшы толькі карэспандэнтаў двух інфармагенцтваў, каб задаволіць правы грамадзян на атрыманне інфармацыі) дэманстратыўна пакінулі прэс-цэнтр самміту пасля таго, як улады Беларусі выкраслілі іх калег са спісу акрэдытаваных літаральна за некалькі гадзін да пачатку самміту.