Жанна ЛІТВІНА, старшыня ГА "БАЖ": "Мы не згодны, каб з журналістаў рабілі ідэалагічны спецназ..."
Бадай, для многіх стала шокам абнародаваная нядаўна інфармацыя: у Беларусі засталося толькі некалькі дзесяткаў незалежных выданняў грамадска-палітычнага зместу.
Сапраўды, здаецца, што абсяг свабоды слова ў краіне сціснуўся дарэшты. Але Жанна Літвіна, старшыня грамадскай арганізацыі "Беларуская асацыяцыя журналістаў", не лічыць, што сітуацыя тупіковая. З яе слоў, спакваля фармуюцца новыя плыні незалежнага інфармавання нашага грамадства. Рана ці позна яны абавязкова набяруць моц.
Пра гэтыя ды іншыя актуальныя з'явы і праблемы медыйнай сферы — наша сённяшняя гутарка.
— Ужо амаль год прайшоў з таго часу, як чарговая хваля рэпрэсій "вымыла" амаль што ўсю незалежную прэсу з кантраляванай дзяржаваю сістэмы друкавання ды распаўсюду. Рэдактары пратэставалі, пісалі лісты, у тым ліку і на самы верх, але ўсё гэта, здаецца, сталася марным лямантам у пустыні.
Дык як жыць далей тым, хто не згодны пісаць паводле загадаў ідэалагічнай вертыкалі?
— Найперш — трымацца праўды. Па-другое, як бы цяжка ні было, нельга імкнуцца дагаджаць уладам.
Бяруся сцвярджаць, што незалежныя СМІ па сённяшні дзень з'яўляюцца хай не такім і ўплывовым, але ўсё ж механізмам кантролю грамадства за дзейнасцю ўлады, трыбунай дзеля выказвання розных поглядаў. Таму і стаўленне ўлады да незалежнай прэсы апошнія дзесяць гадоў вызначаецца бескампраміснасцю і нават жорсткасцю.
Не сталі выключэннем і апошнія прэзідэнцкія выбары. Барацьба з апанентамі, палітычнай апазіцыяй вызначыла палітыку і ў дачыненні да медыяў. Усё было падначалена мэце татальнага кантролю над сродкамі масавай інфармацыі. І прэса стала закладніцай палітычнай сітуацыі...
— Але ж улада звычайна адмяжоўваецца ад уціску прэсы. Кажа, што гэта стасункі гаспадарчых суб'ектаў. Маўляў, друкарні, пошта, саюздрукі маюць поўнае права скасоўваць нявыгадныя для іх дамовы. Ківаюць на нейкія вялікія "адсоткі спісання" накладаў і гэтак далей...
— Аргументы, мякка кажучы, несур'ёзныя. Мы відавочна маем справу з узгодненымі і скаардынаванымі дзеяннямі супраць незалежнай прэсы з боку розных галінаў улады, дзяржаўных прадпрыемстваў-манапалістаў, якія займаюцца распаўсюдам друку.
Напрыклад "Белпошта", займаючы манапольнае становішча на рынку паслуг паштовай сувязі, на сёння адмовілася супрацоўнічаць амаль з паловай незалежных газет грамадска-палітычнага зместу. Сярод іх — нацыянальныя выданні "Народная воля", "Наша Ніва", "Товарищ", "Свободные новости плюс". У каталогу таксама не апынулася каля дзесятку рэгіянальных недзяржаўных выданняў: "Брестский курьер", "Витебский курьер", "Борисовские новости", "Газета Слонимская", баранавіцкая газета "Intex-press", пінскі тыднёвік "Мясцовы час" і іншыя. Гэтыя выданні не маюць магчымасці даходзіць да сваіх чытачоў праз падпіску.
У адказ на патрабаванні і рэдакцый, і чытачоў уключыць газеты ў падпісны каталог на першае паўгоддзе 2007 года кіраўніцтва "Белпошты" упарта сцвярджае, што "абавязак па ўключэнні друкаванага выдання ў каталог не прадугледжаны заканадаўствам, выбар друкаваных выданняў для фармавання каталогу з мэтай наступнага іх распаўсюду праз падпіску з'яўляецца правам РУП "Белпошта", якое рэалізуецца ім ў адпаведнасці з заканадаўствам".
Таксама нядаўна "Белсаюздрук" скасаваў дамову на распаўсюд газеты "Вестник культуры", якую рэдагуе вядомы драматург Андрэй Курэйчык. У лісце патлумачылі, што гэта стратная справа, і урон дасягае — страшна падумаць! — 1 900 рублёў на месяц. Амаль што цэлы долар! Рэдакцыя была гатовая цалкам кампенсаваць страты, але "Белсаюздрук" ад гэтага катэгарычна адмовіўся. Адразу зразумела, што не эканамічнымі прычынамі прадыктаванае гэтае рашэнне.
Калі чыноўнікі кажуць, што недзяржаўная прэса гібее таму, што нецікавая і не мае добрага менэджменту, то я ўспрымаю гэта як цынізм і абразу тых таленавітых, самаахвярных людзей, чыімі высілкамі трымаецца бастыён незалежных СМІ.
А тым, хто наіўна верыць, што блуканне па пакутах "Нашай Нівы", "Народнай волі", "Товарища" ды іншых недзяржаўных выданняў ёсць вынікам "гаспадарчых дачыненняў", раю уважліва пачытаць самую важную дзяржаўную газету. Там нядаўна з'явіўся вялікі артыкул Анатоля Рубінава, першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Галоўная думка палягае ў тым, што зашмат дэмакратыі і свабоды (у тым ліку свабоды медыяў) беларусам даваць не варта, бо гэта зашкодзіць славутай стабільнасці.
Прабачце, а хто будзе вызначаць "дозу"? Чыноўнік? Такім чынам, улада спрабуе канцэптуальна абгрунтаваць уціск правоў ды свабодаў. І сама прызнае, што гэта ёсць асэнсаванай палітыкай, ідэалагічнай устаноўкай.
— Дык што, тупік? Адзін з нашых калегаў выказаўся ў тым сэнсе, што мы наогул перажываем крызіс бачання перспектыў незалежных СМІ. Ён мае рацыю?
— Не, пры ўсіх цяжкасцях сітуацыю тупіковай я не лічу. У БАЖа ёсць бачанне перпектывы, тых кірункаў, па якіх трэба развіваць незалежнае інфармаванне нашага грамадства.
З аднаго боку, варта пры любой нагодзе ўвесь час нагадваць грамадству і ўладам, што адстойваючы сваё права на прафесію, мы адстойваем канстытуцыйнае права нашых людзей на атрыманне поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі, а таксама на свабоду думкі і выказванняў.
З іншага боку, нельга спадзявацца на апеляцыю да вярхоў. Трэба выкарыстоўваць і шукаць розныя магчымасці, распрацоўваць і ажыццяўляць комплекс праектаў, незалежных ад той самай улады.
Карацей, сітуацыя з прэсай не закансерваваная. На шчасце, яна развіваецца, і не ў тым кірунку, як хацелася б чыноўнікам.
Адзін толькі прыклад: яшчэ пару гадоў таму мы толькі дыскутавалі пра канцэпцыю вяшчання з-за мяжы. Сёння гэта рэальнасць. Паўсталі праекты, у ажыццяўленні якіх удзельнічае новая генерацыя журналістаў. І важна, што гэтыя праекты робяцца беларусамі для беларусаў.
— Між тым зараз у нашай прафесійнай супольнасці разгарэліся спрэчкі, якой мусіць быць канцэпцыя падтрымкі медыяў. Гучыць, напрыклад, думка, што не варта расцярушваць сродкі на лакальныя праекты, "другарадныя" тэматычныя кірункі кшталту экалогіі ці гендэрнай праблематыкі. Трэба, маўляў, сканцэнтраваць дапамогу на некалькіх буйных праектах з агульнанацыянальным ахопам, бо толькі яны здольныя выклікаць за непрацяглы час прыкметныя зрухі у масавай свядомасці. Вы згодны?
— Трэба рэальна глядзець на жыццё. У нашых умовах немагчыма, напрыклад, набыць друкарню, стварыць разгалінаваную сістэму распаўсюду ў маштабах краіны, каб легальным чынам і ў той жа час самастойна паўстала нейкае новае масавае альтэрнатыўнае выданне. Скідаць наклад на парашутах? Самі разумееце, несур'ёзна.
У сённяшняй сітуцыі патрэбен комплексны падыход з элементамі дэцэнтралізацыі. І, падкрэслю, з поглядам у перспектыву.
Пазіцыя БАЖа палягае ў тым, што варта падтрымліваць і традыцыйныя СМІ, і андэграундавую — назавем яе так — прэсу (выданні накладам да 299 асобнікаў), і праекты замежнага вяшчання, і новы перспектыўны кірунак — інтэрнет.
— Сапраўды, сёння і ў нашай галіне імкліва развіваюцца новыя тэхналогіі. Становіцца ўсё болей прыкметнай з'явай інтэрнет-журналістыка, набываюць вялікую папулярнасць форумы, блогі. Некаторыя эксперты прадракаюць нават крызіс класічнай журналістыкі, адыход традыцыйных медыяў на другі план. А вы як глядзіце на гэтую экспансію сеціўных жанраў, пашырэнне віртуальнага медыя-абсягу?
— Нашаму грамадству страшэнна не стае дыскусіі, абмену думкамі. Улада амаль што не дае такіх пляцовак. Ну нельга ж усур'ёз лічыць імі розныя імітацыйныя тэлешоў, калі ў студыі сядзяць толькі апалагеты кіроўнай лініі!
Інтэрнет якраз і стварае новае вымярэнне свабоды слова, абсяг для дыскусій, інструмент зваротнай сувязі. Каштоўна, што аўдыторыя інтэрнету — пераважна моладзь. Разам з тым, людзі болей сталага веку, жыхары глыбінкі не так шырока карыстаюцца камп'ютэрам. Ды і псіхалагічна многім болей звычна вымаць газету з паштовай скрыні ці купляць у шапіку — у вачах многіх гэта надае даверу крыніцы інфармацыі. Дарэчы, з гэтае прычыны не варта пераацэньваць і магчымасці андэграундавай прэсы.
Што тычыцца феномену грамадзянскай, або народнай журналістыкі, звязанай менавіта з інтэрнетам, то, безумоўна, яна здольная аператыўна ўздымаць важныя тэмы. Але прадракаць у звязку з гэтым сканчэнне эпохі традыцыйнай журналістыкі не варта.
Я ўпэўнена, што як бы ні павялічвалася колькасць сайтаў і блогаў, якасны медыйны прадукт, створаны прафесіяналамі, будзе запатрабаваны заўжды.
Менавіта таму мы імкнемся развіваць сур'ёзныя адукацыйныя праграмы. Тут ёсць і прагматычны побытавы аспект. Напрыклад, калі журналіст валодае электроннымі тэхналогіямі, у яго значна болей шанцаў на рынку працы і меней шанцаў стаць беспрацоўным.
— Ёсць і яшчэ адзін аспект дыскусіі ў медыйнай супольнасці. Калі спрашчаць, дык адны прапаведуюць "барыкадную" журналістыку ці, калі хочаце, прапаганду з адваротным знакам. Маўляў, клін клінам выбіваюць. А іншыя падкрэсліваюць, што наша задача — найперш адлюстроўваць падзеі, а не ператварацца ў палымяных рэвалюцыянераў. Што вы скажаце на гэтую тэму?
— Упэўнена, што варта праводзіць выразную рысу: вось гэта СМІ з іх традыцыйнымі задачамі, а вось гэта — агітацыйная літаратура, улёткі, розныя палітычныя піяр-праекты... Вобразна кажучы, я — за чысціню жанру. Журналіст мусіць найперш праўдзіва інфармаваць ды грунтоўна аналізаваць.
Натуральна, ён мае права на ўласную пазіцыю. Ён так ці іначай уцягнуты ў сістэму грамадска-палітычных дачыненняў і з'яўляецца носьбітам пэўных поглядаў. Так што развагі пра нейкую на сто адсоткаў бесстароннюю журналістыку падаюцца схаластычнымі ці не зусім шчырымі.
Але калі хтосьці з калегаў становіцца ў большай ступені палітычным дзеячам ці піяршчыкам нейкай сілы, нейкай партыі ці руху, то — мы ведаем прыклады — гэта можа адмоўна адбіцца на творчым баку яго працы ці нават на абліччы цэлага выдання.
Важна ўтрымаць высокія этычныя нормы журналісцкай дзейнасці, захаваць прынцыпы прафесіі. Гэта важна, бо ўлада пачала сёння навязваць яшчэ і ўласнае бачанне ролі і месца журналістыкі ў грамадстве. Адзін чыноўнік заяўляе, што "СМІ — гэта асноўны механізм правядзення ў жыццё дзяржаўнай ідэалогіі". Другі — што яны "мусяць стаць інструментам інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння, нейтралізацыі і нават здушэння спробаў супрацьпраўных дзеянняў...". Карацей, з журналістаў хочуць зрабіць нейкі ідэалагічны спецназ.
І робяць! Сёння назіраецца новая з'ява: дзяржаўны апарат фактычна зрошчваецца з манапалізаванымі медыямі. Журналісты мусяць выконваць прапагандысцкія замовы кіроўных вярхоў.
З іншага боку, інфармацыйная палітыка дзяржаўных СМІ спараджае незадаволенасць і раздражненне ў грамадстве. Улада, у сваю чаргу, ужывае адміністрацыйны рэсурс дзеля падтрымкі прапагандысцкай машыны, у якую ператварылася дзяржаўная прэса. Напрыклад, згодна з "Комплекснай праграмай развіцця дзяржаўных перыядычных друкаваных выданняў", толькі сёлета на іх падтрымку выдзелена 1,5 мільярда рублёў.
Разам з тым ва ўмовах жахлівага адміністрацыйнага ціску ды эканамічнай дыскрымінацыі незалежныя медыі (ва усякім разе тыя, што маюць сваю пазіцыю), бадай, ужо немагчыма разглядаць як бізнес-праекты. Гэта хутчэй грамадзянскія ініцыятывы.
— Што чуваць у галіне медыя-заканадаўства? Нейкі час таму міністр інфармацыі заявіў, напрыклад, што варта ўпарадкаваць сферу інтэрнету. Здаецца, на падыходзе закон аб апытаннях грамадскай думкі, які таксама наўпрост тычыцца медыяў...
— Сапраўды, ёсць небяспека, што заўтра ўлады ў звыклым стылі пачнуць "упарадкоўваць" віртуальную прастору, друкаванне сацыялагічнай інфармацыі і г.д. Нібыта мала таго, што, паводле "Рэпарцёраў без межаў", Беларусь і так у ліку зацятых ворагаў інтэрнету. Дый увогуле па ступені свабоды прэсы — аж на 151-м месцы ў свеце, у самым хвасце рэйтынгу, побач з Кубай ды Паўночнай Карэяй!
Што да заканатворчасці, то зараз назіраецца новая тэндэнцыя. Пасткі для медыяў і журналістаў расстаўляюцца ў розных нарматыўных актах нібыта з высакароднымі мэтамі — кшталту супрацьдзеяння экстрэмізму.
Зрэшты, праблема не толькі ў законах. Могуць напісаць даволі цывілізаваны праект, але гэта не гарантыя ад рэпрэсій. Сёння неўпадабаныя СМІ душаць, напрыклад, амаральнымі паводле памеру, здольнымі давесці да банкрутства зыскамі аб абароне гонару і годнасці.
Мне запомнілася фраза галоўнага рэдактара "Нашай Нівы" Андрэя Дынька. Трапіўшы пад "зачыстку" на плошчы падчас веснавых вулічных падзей і адседзеўшы 10 сутак паводле высмактанага з пальца абвінавачання (нібыта брыдкасловіў!), Андрэй са скрухай зазначыў: больш не мае значэння, парушаеш ты закон ці не...
Гэта — горкая праўда пра сённяшні побыт тых, хто адважваецца мець альтэрнатыўнае, адрознае ад афіцыйнай ідэалогіі меркаванне.
— Чэрвеньскі з'езд БАЖу прыняў "Маніфест сумлення". Ці адчуваецца нейкі рэзананс? На тым з'ездзе гучалі, напрыклад, думкі, што такі "дыстыляваны" кодэкс прафесійнай этыкі — не для нашых умоў. Вы згодны?
— Сёння мы рызыкуем страціць прафесію журналіста — праз тое, што нас імкнуцца зрабіць ідэалагічнай абслугай. І гаворка не толькі пра манапалізаваную прэсу. Працаўнікі недзяржаўных медыяў, асабліва рэгіянальных, таксама усё болей ратуюцца самацэнзурай.
Кампрамісы з прафесійным сумленнем могуць дорага абысціся. Хачу зазначыць, што "Маніфест сумлення" адрасаваны не толькі журналістам.
Мяне, напрыклад, дзівіць, што апазіцыйныя палітыкі вылучаюць патрабаванне доступу да дзяржаўных СМІ, але нібыта не бачаць корань зла. То бок — не ставяць пытанне аб раздзяржаўленні гэтай сферы, стварэнні цывілізаванага медыйнага рынку.
Найперш жа над радкамі "Маніфеста" варта задумацца ўладзе, якая так любіць падкрэсліваць свой клопат аб будучыні краіны. Бо за ператварэнне медыяў у сродак замбавання масавай свядомасці рана ці позна мусіць плаціць усё грамадства. Плаціць па рахунках тых скажоных, хлуслівых уяўленняў, што яму навязваліся.
Гутарыў Аляксандр КЛАСКОЎСКІ.