Факт парушэння правоў журналістаў правяраюць самі ж парушальнікі
28 верасня супрацоўнікі недзяржаўнай газеты “Бобруйский курьер” Вольга Мар’ясіна і Ігар Хадзько былі выкліканы ў гарадскі аддзел міліцыі Бабруйска для сведчання па факту затрымання супрацоўнікамі міліцыі больш як 10 журналістаў. Інцыдэнт адбыўся 31 жніўня, пад час акцыі пратэсту дэпутата мясцовага гарсавета А. Чыгіра, якую ён ладзіў на цэнтральнай плошчы Бабруйска. Сярод затрыманых апынуліся і журналісты “Бобруйского курьера”.
12 верасня “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звярнулася да пракурора Ленінскага раёна Бабруйска Віктара Гаўрыкава з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, якія парушылі правы журналістаў і беларускае заканадаўства аб СМІ. “Журналісты мелі пры сабе журналісцкія пасведчанні, іншыя дакументы, пацвярджаючыя асобу, не прымалі ўдзел у акцыі, а выконвалі свае прафесійныя абавязкі. Тым не менш, яны былі затрыманыя на падставе высвятлення асобы, да некаторых з журналістаў прымянялася фізічная сіла... У фотакарэспандэнтаў былі сцёртыя зробленыя імі здымкі”, - выкладзена ў заяве пракурору.
Як можна зразумець, пачалося расследаванне. Але – што здзіўляе – расследаваннем займаецца той жа аддзел аховы грамадскага парадку і прафілактыкі АУС Бабруйскага гарвыканкама, супрацоўнікі якога і праводзілі затрыманне журналістаў. Як расказала журналістка “Бобруйского курьера” Вольга Мар’ясіна, следчы запісаў тлумачэнні з яе слоў у пратакол, але не даў азнаёміцца з матэрыяламі справы. Са слоў Вольгі, ёй задавалі мноства пытанняў, якія не маюць дачынення да сутнасці справы – пачынаючы тэматыкай, у якой яна працуе, і заканчваючы датай выдачы ёй журналісцкага пасведчання. Ігар Хадзько зараз знаходзіцца ў адпачынку і таму не змог з’явіцца ў міліцыю.
Нагадаем, сёлета 31 жніўня журналісты беларускіх і замежных СМІ былі затрыманыя міліцыяй пры выкананні сваіх прафесійных абавязкаў – асвятленні акцыі пратэсту на плошчы Леніна г. Бабруйска. У той дзень дэпутат гарадскога савета, шматдзетны бацька, настаўнік гісторыі Аляксандр Чыгір прыкаваў сябе ланцугом да апоры ліхтара ў знак пратэсту супраць звальнення яго з працы за грамадскую дзейнасць (з А. Чыгіром не працягнулі кантракт). Усе супрацоўнікі СМІ, якія прысутнічалі ў гэты час на плошчы, былі затрыманы і адвезены ў міліцыю. Там іх пратрымалі каля трох гадзін і правялі з кожным паасобку “прафілактычную” размову “без пратакола”.
Служба маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”