"Рэпарцёры без межаў" выступаюць у падтрымку часопіса "ARCHE"
Міжнародная арганізацыя па абароне правоў журналістаў “Рэпарцёры без межаў” выступіла з заявай у падтрымку беларускага незалежнага літаратурна-мастацкага і навукова-папулярнага часопіса ”ARCHE. Пачатак”.
“Рэпарцёры без межаў“ выказваюць глыбокую занепакоенасць у сувязі з прыпыненнем Міністэрствам інфармацыі выхаду выдання на той падставе, што ў вераснёўскім нумары былі апублікаваны артыкулы грамадска-палітычнага характару.
“Мы выказваем нашу падтрымку галоўнаму рэдактару і настойваем, каб міністр інфармацыі перагледзеў сваё рашэнне... Адрозненне паміж гістарычнымі і палітычнымі матэрыяламі ілюзорнае, і вызначалася яно проста для прыкрыцця праяўлення цэнзуры”, - сцвярджаецца ў заяве арганізацыі вольнай прэсы.
Галоўны рэдактар ”ARCHE” Валеры Булгакаў намераны падаць апеляцыю на прыпыненне выхаду часопіса. А днямі грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звярнулася з афіцыйным лістом да міністра інфармацыі, у якім патрабуе адмяніць загад аб прыпыненні дзейнасці выдання і пісьмовае папярэджанне, вынесенае ў адрас рэдакцыі часопіса.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"