Міністэрства інфармацыі прыпыніла на тры месяцы выхад часопіса “ARCHE”


Міністэрства інфармацыі прыпыніла выхад часопіса “ARCHE” тэрмінам на тры месяцы. Адпаведны загад падпісаў 19 верасня кіраўнік ведамства Уладзімір Русакевіч са спасылкай на арт.16 закона «Аб друку і іншых СМІ». У гэты ж дзень часопісу было вынесена другое па ліку за гэты год папярэджанне аб парушэнні заканадаўства.

Міністэрства інфармацыі прыпыніла выхад часопіса “ARCHE” тэрмінам на тры месяцы. Адпаведны загад падпісаў 19 верасня кіраўнік ведамства Уладзімір Русакевіч са спасылкай на арт.16 закона «Аб друку і іншых СМІ». У гэты ж дзень часопісу было вынесена другое па ліку за гэты год папярэджанне аб парушэнні заканадаўства.
У абодвух дакументах сцвярджаецца, што зроблена гэта ў сувязі з тым, што, надрукаваўшы публікацыі грамадска-палітычнага характару, часопіс “ARCHE. Пачатак” змяніў тэматыку (спецыялізацыю) і не паведаміў аб гэтым у Мінінфармацыі ў вызначаны тэрмін для ўнясення адпаведнага змянення ў рэгістрацыйнае пасведчанне. Сёлета 21 красавіка заснавальніку часопіса было зроблена папярэджанне аб парушэнні арт. 11 Закона аб друку і іншых СМІ (перарэгістрацыя сродкаў масавай інфармацыі).
“Дадзенае змяненне заснавальнік не зрабіў да сапраўднага часу, аднак у часопісе (№9 ад 2006 г.) працягваюць публікавацца пад рубрыкамі “Аналітыка”, “Гісторыя” і іншымі матэрыялы грамадска-палітычнага характару”, - сцвярджаецца ў загадзе Ул. Русакевіча аб прыпыненні дзейнасці часопіса.
Зараз часопіс зарэгістраваны як літаратурна-мастацкае, навуковае і навукова-папулярнае выданне.
Як расказаў галоўны рэдактар часопіса “ARCHE” Валеры Булгакаў, ў студзені 2005 года ён звяртаўся ў Міністэрства інфармацыі, каб змяніць тэматыку выдання і дадаць грамадска-палітычны накірунак ў пасведчанне аб рэгістрацыі. У заяве адначасова ўтрымлівалася просьба аб рэгістрацыі новага юрыдычнага адраса рэдакцыі. Дакумент доўгі час заставаўся непадпісаным кіраўніцтвам установы, і супрацоўнікі міністэрства ў прыватнай размове патлумачылі, што часопіс не зарэгіструюць як “грамадска-палітычны”, і параілі змяніць тэкст заявы, пакінуўшы ў тэксце толькі пытанне рэгістрацыі юрыдычнага адраса.
Намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец звяртае ўвагу, што ў адпаведнасці з арт. 10 Закона аб друку ў заяве аб рэгістрацыі сродка масавай інфармацыі павінна ўказвацца прыблізная (а не дакладная) тэматыка і (альбо) спецыялізацыя. Вынясенне якіх-небудзь санкцый СМІ ў сувязі з іх зместам Андрэй Бастунец лічыць цэнзурай, якая забаронена ў адпаведнасці з арт. 33 Канстытуцыі РБ і арт. 4 Закона аб друку.
Рэдакцыя часопіса разглядае пытанне аб абскарджванні загаду Міністэрства інфармацыі аб прыпыненні дзейнасці.

Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”