У Віцебску распаўсюдніка недзяржаўнай прэсы ў чарговы раз аштрафавалі


19 верасня суд Чыгуначнага раёна Віцебска аштрафаваў распаўсюджвальніка недзяржаўнай прэсы Барыса Хамайду на палову базавай велічыні (15 з паловай тысяч рублёў) за незаконны гандаль газетамі.

19 верасня суд Чыгуначнага раёна Віцебска аштрафаваў распаўсюджвальніка недзяржаўнай прэсы Барыса Хамайду на палову базавай велічыні (15 з паловай тысяч рублёў) за незаконны гандаль газетамі. Учора выйшаў свежы нумар “Витебского курьера”, і Б.Хамайда стаяў на сваім традыцыйным месцы – каля “сіняга дому”. Акрамя “ВК”, ён прапаноўваў яшчэ “Нашу ніву” і часопіс “Arche”.

Каля 12 гадзін дня да яго падыйшоў участковы міліцыянер, і запатрабаваў паказаць дазвол на распаўсюд прэсы менавіта ў гэтым месцы. Б.Хамайда адмовіўся прадставіць дакументы і даваць нейкія тлумачэнні, і яго завезлі ў Чыгуначны РАУС. Далейшая гутарка праходзіла ў кабінеце начальніка райаддзела міліцыі. Там затрыманаму патлумачылі, што кожны распаўсюджвальнік павінен мець дазвол ад уладаў на тое, каб знаходзіцца ў нейкім пэўным месцы. Калі ж такога дазволу няма, то прадаваць газеты можна толькі, шпацыруючы па вуліцах горада.
Пры гэтым Б. Хамайду папярэдзілі, што затрыманні скончацца тады, калі з цэнтра Віцебска знікне – са слоў міліцыянераў - “стацыянарны апазіцыйны пункт”, які нібыта ён утварыў. Калі ж Б. Хамайда будзе разносіць газеты па розных кропках горада, то ў такім выпадку адказнасць за яго дзеянні ў роўнай ступені будуць несці ўсе тры райаддзелы міліцыі. Пакуль жа непрыемнасці з-за “стацыянарнага апазіцыйнага пункта” мае ў асноўным Чыгуначны РАУС, на тэрыторыі якога і знаходзіцца “сіні дом”.

Згодна з артыкулам 148 Адміністрацыйнага кодэкса суддзя Валянціна Кавалёва ў той жа дзень пакарала распаўсюдніка прэсы штрафам у памеры 15 500 тысяч рублёў за гандаль у неўстаноўленым месцы. Тым не менш, адразу ж пасля суда Б. Хамайда зноў вярнуўся да “сіняга дома” і працягваў прадаваць газеты.

Служба маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”