Сяргею Законнікаву прысвоена званне Ганаровага сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
Сёння вядомы беларускі паэт і публіцыст Сяргей Законнікаў, быў ўзнагароджаны дыпломам Ганаровага сябра Грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. “Слыннаму паэту, патрыёту Бацькаўшчыны, надзейнаму сябру з глыбокай павагай і прызнаннем”, - адзначана ў дыпломе, які ў святочнай абстаноўцы ўручыла Сяргею Законнікаву старшыня асацыяцыі Жанна Літвіна.
Ушанаванне было прымеркавана да 60-гадовага юбілею паэта, але галоўная падстава для ўручэння гэтай высокай узнагароды – яго дзейнасць у арганізацыі, творчы і прафесійны ўнёсак у змаганні за свабоды друку на Беларусі. Рашэнне аб наданні гэтага звання было прынятае напярэдадні на пасяджэнні Рады ГА “БАЖ”.
“Сяргей Іванавіч - таленавіты, творчы, сумленны чалавек, які мае сваю грамадзянскую пазіцыю і ніколі не здрадзіць сваім перакананням. Ён па праву заслужыў права быць Ганаровым сябрам, бо за час свайго членства ў БАЖ заўсёды вельмі адказна выконваў сваю працу і абавязкі”, - адзначыў сябра Праўлення ГА “БАЖ” Уладзімір Дзюба.
Сяргей Законнікаў - сябра БАЖ з 98-га года. У 2003 годзе на з’ездзе асацыяцыі быў абраны старшынёй Камісіі па этыцы, і ізноў пераабраны на гэты пасаду на сёлетнім з’ездзе.
Да Сяргея Законнікава за дзесяць гадоў існавання Беларускай асацыяцыі журналістаў званнем Ганаровага сябра былі ўзнагароджаны толькі два чалавекі: прэзідэнт Фонду абароны галоснасці Аляксей Сіманаў (Масква) і Клэй Хэсфэл, прафесар журналістыкі (Каліфорнія).
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"