Дапамажыце знайсці нашага калегу (абноўлена)


У справе знікнення Антона Тараса, перакладчыка, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, з'явілася дадатковая інфармацыя.

У справе знікнення Антона Тараса, перакладчыка, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, з'явілася дадатковая інфармацыя. Яго бацькам, дзякуючы ўкраінскім памежнікам, удалося пацвердзіць звесткі аб тым, што Антон Тарас сёлета 22 ліпеня перасек беларуска-украінскую мяжу пасажырскім цягніком праз Удрыцк (гэта інфармацыя захоўваецца ў кампьютарнай базе дадзеных памежнай службы, а таксама ў іміграцыйнай картцы, якую асабіста запаўняюць грамадзяне іншых краін пры ўездзе ва Украіну).

Паводле словаў украінскіх памежнікаў, з таго часу ён не перасякаў дзяржаўную мяжу Украіны ні ў водным з афіцыйных пунктаў пропуску. Дагэтуль было вядома, што Антон Тарас набыў 22 ліпеня білет у Баранавічах на цягнік №459 Рыга-Вільнюс-Сімферопаль (1-ы вагон. месца №9) да Кіева.

Антону Тарасу 31 ліпеня споўнілася 23 гады. У яго ёсць двухгадовая дачка Вера. Ён перакладае з англійскай на беларускую і з беларускай на англійскую мову. Валодае сінхронным перакладам. Добра ведае рускую і чэшскую мовы, валодае таксама польскай. Вывучае санскрыт. Піша вершы, іграе на гітары і ударных.

Мае праблемы са здароўем з-за перанесенай у дзяцінстве аперацыі на сэрцы.

Прымаў удзел у сакавіцкіх падзеях на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Быў затрыманы АМОНам і адбыў 11 сутак адміністрацыйнага арышту на Акрэсціна.

Нагадаем, што Антон Тарас знік сёлета 21 ліпеня. У гэты дзень увечары ён размаўляў з бацькамі па тэлефоне і сказаў, што яму трэба адыйсці з дому па справе. З таго часу наш калега не выходзіў на сувязь, і ніхто з сваякоў і сяброў Антона не ведае, дзе ён.

Мінская міліцыя ўзбудзіла крымінальную справу па факце знікнення. Антон Тарас абвешчаны ў міждзяржаўны вышук (у краінах СНД). Паралельна пошук Антона вядуць яго бацькі. Вялікую дапамогу аказалі і працягваюць аказваць кіеўскія журналісты - у першую чаргу, з газет "Украінская праўда" (pravda.com.ua) і "Коммерсантъ-Украина"(kommersant.ua).

Паважаныя калегі ў Беларусі, Украіне, Расіі і ў іншых краінах!

Калі вы нешта бачылі, чулі, ці ведаеце нейкую інфармацыю, якая непасрэдна або ўскосна пралівае свет на тое, дзе можа быць зараз альбо знаходзіўся раней Антон Тарас - калі ласка, тэрмінова звяжыцеся з намі ці яго бацькамі ў Мінску.

Тэлефоны БАЖа: (+375-17) 203-63-66, 226-70-98

Пішыце на адрас: baj@baj.by

Тэлефоны бацькоў: (+375-17) 290-65-29; (375) 296-04-37-39; 291-57-49- 01

Адрас электроннай пошты: vital_taras@tut.by

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"