У Бабруйску міліцыі забаранілі супрацоўнічаць з недзяржаўнай газетай
Карэспандэнту газеты "Бобруйский курьер" Вользе Мар'ясінай ў Гарадскім аддзеле міліцыі Бабруйска адмовілі паведаміць інфармацыю і патлумачылі гэта тым, што атрымалі ўказанне з гарвыканкама не супрацоўнічаць з "Бобруйским курьером."
11 верасня Вольга Мар'ясіна па заданні рэдакцыі звярнулася ў міліцыю, каб удакладніць інфармацыю аб дарожным здарэнні на ўскраіне Бабруйска. У мясцовым ДАІ параілі перазваніць у гарадскі аддзел міліцыі старшаму інспектару штаба АУС гарвыканкама Ігару Шалыгіну. Даведаўшыся з якой газеты яму тэлефануюць, падпалкоўнік Шалыгін адмовіўся прадстаўляць карэспандэнту "БК" інфармацыю, спаслаўшыся на адпаведнае ўказанне, і прапанаваў па ўсіх пытаннях звяртацца ў гарвыканкам.
Нагадаем, Закон аб друку і іншых СМІ Рэспублікі Беларусь ў арт. 48 прадугледжвае адказнасць службовых асоб дзяржаўных органаў і арганізацый "за ўстанаўленне абмежаванняў на кантакты з журналістам і перадачу яму інфармацыі".
Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"