Рэдактару літоўскай газеты "Laisvas laikrastis" прад'яўлена абвінавачванне ў абнародаванні дзяржаўнай тайны
Галоўнаму рэдактару літоўскай газеты "Laisvas laikrastis" ("Свободная газета") Аурынасу Дрыжусу, які 7 верасня быў затрыманы супрацоўнікамі дзяржбяспекі Літвы, сёння афіцыйна прад'яўлена абвінавачванне па арт. 124 Крымінальнага кодэкса (распаўсюджанне інфармацыі, якая ўтрымлівае дзяржаўную тайну), пасля гэтага журналіст быў адпушчаны на волю.
Учора ў офісе рэдакцыі правялі ператрус, была заблакавана інтэрнэт-версія газеты, а наклад пятнічнага нумару "Свободнай газеты" канфіскаваны з продажу, праўда ў Каунасе і Клайпедзе, пэўную колькасць асобнікаў паспелі прадаць.
Як праанансавала напярэдадні тэлебачанне, у адным з артыкулаў канфіскаванага з продажу нумара была надрукавана тэлефонная размова былога спікера літоўскага сейма А.Паулаускаса з прадпрымальнікам, кіраўніком "Olimpic cazino" (гэта прадпрыемства фігуруе ў скандале аб фінансаванні партыі "Новы час" на парламенцкіх выбарах у 2004 годзе). А па неафіцыйных звестках, у гэтым нумары таксама была надрукавана сенсацыйная інфармацыя аб гібелі літоўскага дыпламата ў Беларусі.
Старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайніс Радзевічус негатыўна ацаніў здарэнне са "Свабоднай газетай" і яе галоўным рэдактарам: "Дзеянні Дэпартамента дзяржбяспекі мы разглядаем як цэнзуру, згодна закона, падобнае дапушчальна толькі з дазволу суда. Таксама блакаванне сайта газеты і выманне накладу з продажу - гэта парушэнне канстытуцыі, парушэнне правоў грамадзян свабодна атрымліваць інфармацыю."
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"