Сёння - Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў


У Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў БАЖ* вітае сваіх калегаў ва ўсім свеце і выказвае словы падзякі партнёрскім арганізацыям, якія дапамагаюць беларускім журналістам адчуваць сябе часткай міжнароднай прафесійнай супольнасці.

Дарагія калегі!
У Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў БАЖ вітае сваіх калегаў ва ўсім свеце і выказвае словы падзякі партнёрскім арганізацыям, якія дапамагаюць беларускім журналістам адчуваць сябе часткай міжнароднай прафесійнай супольнасці. Мы выказваем падтрымку ўсім беларускім журналістам, якія насуперак уціску і цэнзуры працягваюць прафесійна і годна выконваць сваю працу. БАЖ заклікае ўсіх сваіх калегаў кожным словам і ўчынкам бараніць ідэалы свабоды слова, на вернасць якім кожны з нас прысягаў сабе і грамадству, абіраючы ў жыцці гэты няпросты шлях.
Сам факт існавання шматлікіх журналісцкіх арганізацый і іх здольнасць аказваць рэальны ўплыў на працэсы, што адбываюцца ў свеце, даказваюць існаванне і моц журналісцкай прафесійнай салідарнасці. Мы можам і павінныя разам бараніць сваё права на прафесію і права грамадзян свабодна атрымліваць інфармацыю, на што апошнім часам усе часцей пасягаюць.
8 верасня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў. Гэтую дату вызначылі ў 1958 годзе удзельнікі IV Кангрэсу Міжнароднай арганізацыі журналістаў у памяць аб сваім чэшскім калегу Юліусе Фучыку, забітым гітлераўцамі 8 верасня 1943 года. Кожны год журналісцкая супольнасць усяго свету ўзгадвае яго неўміручыя словы перасцярогі: "Людзі, будзьце пільныя!". Яны адрасаваныя ўсяму чалавецтву, але асабліва - нам, журналістам, якія паводле свайго прызначэння павінныя быць вартавымі грамадства і ў выпадку небяспекі падаваць сігнал трывогі. Але для гэтага журналіст павінен мець магчымасць уздымаць самыя вострыя праблемы, ініцыяваць публічнае абмеркаванне любых тэмаў, адлюстроўваючы погляды розных бакоў.
Будзем трымацца праўды! Будзем салідарнымі!

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"