Ці існуе прафесійная салідарнасць у беларускім журналісцкім асяродку?
Штогод 8 верасня журналісцкая супольнасць адзначае Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў. І менавіта ў гэты дзень, заснаваны ў памяць аб журналісце Юліусе Фучыку, на 4-м кангрэсе міжнароднай арганізацыі журналістаў у 1957 годзе, па задуме дэпутатаў кангрэса, журналісты усіх краін і выданняў павінны дэманстраваць свету сваю згуртаванасць.
Ці існуе прафесійная салідарнасць у журналісцкім асяродку, і у чым яна праяўляецца? - гэта пытанне мы вырашылі задаць вядомым беларускім журналістам:
Аляксандр Класкоўскі, "БелаПАН":
На жаль, сёння наша беларуская журналісцкая супольнасць размежаваная. Праблема гэта не з-за журналістаў, а, хутчэй, з-за палітычнай сістэмы - калі незалежная журналістыка апрыёры лічыцца ўладамі падрыўной, дэструктыўнай. І гэтае негатыўнае стаўленне вызначае той "водападзел" у беларускай журналісцкім асяродку. Але, трэба адзначыць, тут многае залежыць ад самога журналіста, яго не толькі прафесійных, але і чалавечых якасцяў. Для сапраўднага прафесіянала маральны гонар і прафесійны гонар - непадзельныя. Прафесійная салідарнасць сярод журналістаў сёння вельмі патрэбная, пакуль мы разам - мы вялікая сіла.
Мікола Маркевіч, радыё "Рацыя":
У сучасных беларускіх рэаліях, калі дзяржаўны бульдозер бязлітасна зачышчае інфармацыйнае поле, журналісцкая салідарнасць праяўляецца ў штодзённай узаемнай падтрымцы - і маральнай, і матэрыяльнай, альбо простых сяброўскіх чалавечых стасунках. Вельмі важна падтрымліваць адзін аднаго не толькі ў бядзе, але і ў стваральнай працы. Таму ў гэты дзень мы вельмі рады за Юлію Дарашкевіч, нашу калегу па газеце "Пагоня", якая сёлета стала лаўрэатам прэміі імя Д. Завадскага. Будзем трымацца разам.
Таццяна Мельнічук, ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў":
Па-мойму існуе, і Беларусь - той яскравы прыклад салідарнасці журналісцкага цэху. Гэта салідарнасць праяўлялася і праяўляецца не толькі тады, калі мы вышлі ў паласатых робах, каб звярнуць увагу на нападкі на незалежныя газеты, не тады, калі мы нагадваем аб зніклым Дзіме Завадскім, і нават не тады, калі мы кожны раз узгадваем калег, якія пацярпелі, добрасумленна выконваючы сваю працу - праяўляецца яна менавіта ва ўзаемнай штодзённай падтрымцы: калі я дапамагу камусьці ў пошуку працы, калі мне калегі падказваюць новую тэму і г.д.
На шчасце, наш беларускія журналісты адметныя сваёй салідарнасцю.
Аляксандр Старыкевіч, газета "Салідарнасць":
Яна безумоўна існуе - салідарнасць сярод журналістаў. І на мой, погляд, журналісцкая супольнасць больш кансалідаваная, чым іншыя, напрыклад, тыя ж палітыкі. Канешне ёсць і канкурэнцыя, і асабістыя нейкія адносіны, але, калі паўстае пагроза, гэта адсоўваецца на задні план, без перабольшванняў. І пры тым, што нашы магчымасці абмежаваныя, у шэрагу выпадкаў згуртаваўшыся нам не раз удалося абараніць нашых калег ад нападкаў улады.
Андрэй Бастунец, ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў":
Журналісцкая салідарнасць у Беларусі існуе, але на жаль, гэта сцвярджэнне вернае толькі для часткі беларускай журналісцкай супольнасці - для тых, каго сёння называюць незалежнымі журналістамі (незалежнымі не ў сэнсе, што яны не звязаныя працоўнымі абавязкамі з нейкімі рэдакцыямі, а ў сэнсе незалежнасці выказвання сваіх меркаванняў). Гэта салідарнасць дазваляе журналістам адчуваць, што яны не застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі. Гэта - галоўнае.