Фестываль кнігі і прэсы ладзілі без незалежнай прэсы
На фестывалі кнігі і прэсы, які ладзіўся 3 верасня ў рамках Дня беларускай пісьменнасці ў Паставах, экспанавацца мелі магчымасць хіба толькі дзяржаўныя СМІ.
Размясціць недзяржаўную газету "Витебский курьер" на стэндзе, дзе выстаўлялася абласная і раённая прэса Віцебскага рэгіёна, Уладзіміру Базану, галоўнаму рэдактару газеты, адмовіў асабіста начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Кузьміч, патлумачыўшы, што гэты кіёск прызначаны выключна для дзяржаўных выданняў.
А згодна з афіцыйнай прамовай кіраўніка Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Андрэйчанкі на фестывалі выходзіла, што ў Віцебскай вобласці выдаюцца больш за 300 газет, у тым ліку 26 дзяржаўных. Паўстае пытанне: дзе ж астатнія 274 недзяржаўныя СМІ?
Знамянальна, што ў адным з тэлевыступаў напярэдадні правядзення Дня беларускай пісьменнасці начальнік упраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязей Мінінфармацыі Уладзімір Матусевіч сцвярджаў, што ў мерапрыемстве будуць прымаць удзел усе газеты Віцебскага рэгіёна.
Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"