Споўнілася 10 гадоў з дня закрыцця "Радыё 101,2"


Сёння споўнілася 10 гадоў як спыніла вяшчанне "Радыё 101,2" - першая і апошняя у нашай краіне камерцыйная інфармацыйна-музычная FM-радыёстанцыя, якая працавала на беларускай мове.

Сёння споўнілася 10 гадоў як спыніла вяшчанне "Радыё 101,2" - першая і апошняя у нашай краіне камерцыйная інфармацыйна-музычная FM-радыёстанцыя, якая працавала на беларускай мове.

"Радыё 101,2" праіснавала рэкордна кароткі тэрмін: першы выхад у эфір адбыўся 21 ліпеня 1995, апошні - 31 жніўня 1996-га. Тым не менш, за гэты час радыёстанцыя заваявала сталую аўдыторыю адданых слухачоў і рэкламадаўцаў. На хвалі 101,2 можна было пачуць не толькі разнастайную і якасную беларускую і замежную музыку, але і атрымаць аператыўную і поўную інфармацыю пра падзеі у краіне і свеце. У эфіры "101,2" гучалі аўтарскія праграмы "Пра-рок", "Бізнес-актуаліі", "Паехалі!", "Музыка тоўстых", "Квадракола", "Мамзэль", "Юрыспрудэнцыя", "ТВ-дэнс" ды іншыя; штодня прымаліся праз спадарожнік і перакладаліся навіны і музычныя праграмы ад ВВС World Service, Расійскай службы "Deutche Welle". "Радыё 101,2" рабіла моцная каманда прафесійных журналістаў, ядро якой складаў калектыў закрытай у пачатку 1990-х радыёстанцыі "Беларуская маладзёжная" на чале з яе галоўнай рэдактаркай Жаннай Літвіной.

30 жніўня ўвечары рэдакцыя "Радыё 101,2" атрымала па факсе паперу з Міністэрства сувязі, падпісаную кіраўніком БелГІЭ А. Ніканавым: "В целях исключения помех в приёмных каналах ЦС РТС "Алтай" эксплуатацию передатчика на частоте 101,2 МГц с использованием АФС на опоре по адресу: ул. Коммунистическая, 6, прекратить с 1.09.96 г.".

Аднак тэхнічныя прычыны былі толькі фармальнай нагодай для закрыцця радыёстанцыі: у тым жа годзе на моладзевым форуме А. Лукашэнка, адказваючы на зададзенае з залы пытанне наконт прычыны закрыцця радыёстанцыі, адказаў што не дазволіць "на дзяржаўнай частаце праводзіць антыдзяржаўную палітыку".

31 жніўня 1996 года радыё працавала у эфіры апошні дзень. "Радыё 101,2" было не толькі сродкам масавай інфармацыі, але і сапраўдным культурніцкім асяродкам. Шмат для каго і дагэтуль яно застаецца сімвалам свабоднай і годнай радыёжурналістыкі.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"