У Бабруйску міліцыя затрымала 11 журналістаў


Сёння прыкладна ў 13 гадзін у Бабруйску міліцыянеры затрымалі і адвезлі ў пастарунак 11 журналістаў, якія назіралі за акцыяй пратэсту дэпутата мясцовага гарсавета і грамадскага актывіста Аляксандра Чыгіра на пл. Леніна.

Сёння прыкладна ў 13 гадзін у Бабруйску міліцыянеры затрымалі і адвезлі ў пастарунак 11 журналістаў, якія назіралі за акцыяй пратэсту дэпутата мясцовага гарсавета і грамадскага актывіста Аляксандра Чыгіра на пл. Леніна. Спадар Чыгір у 12 гадзін на цэнтральнай плошчы прыкаваў сябе да ліхтара ў знак пратэсту супраць таго, што яму – шматдзетнаму бацьку і дэпутату – не прадоўжылі працоўны кантракт (ён працаваў настаўнікам у школе) за яго грамадскую дзейнасць.

Прыкладна праз 40 хвілін на плошчу пад’ехалі міліцыянеры, яны “адкавалі” А. Чыгіра і адвялі ў міліцэйскую машыну. Журналістаў папярэдзілі, каб яны заставаліся на плошчы - разыходзіцца нельга, бо яны затрыманы да высвятлення асобы. Хвілін праз 20 да плошчы падагналі аўтобус (яго міліцыянеры “пазычылі” ў рабочых, якія добраўпарадкоўваюць горад да “Дажынак”) і адвезлі журналістаў у Гарадскі аддзел міліцыі Бабруйска.
Зараз журналістаў трымаюць у актавай зале аддзялення і па аднаму выклікаюць на “прафілактычныя размовы” да кіраўніцтва міліцыі. На гэты момант вядома, што сярод затрыманых журналістаў Сяргей Пульша (БелаПАН), Алена Якжык (“Салідарнасць”), Галіна Абакунчык (Радыё “Свабода”), Юлія Дарашкевіч (“Наша Ніва”) Вольга Мар’ясіна, Ігар Ходзька (“Бобруйский курьер”).

Як расказаў галоўны рэдактар “Бобруйского курьера” Анатоль Санаценка, пасля таго, як прыкладна ў 12.40 яму патэлефанавала Вольга Мар’ясіна і паведаміла, што адбываецца на плошчы, ён тэрмінова паехаў туды. А. Санаценка звярнуўся да начальніка аддзела ідэалагічнай работы Бабруйскага гарвыканкама Аляксандра Маркачова, які прысутнічаў пры затрыманні журналістаў на плошчы, з просьбай адпусціць Вольгу Мар’ясіну і Ігара Ходзька, паколькі ў іх пры сабе ёсць журналісцкія пасведчанні. Але спадар Маркачоў адказаў, што пасведчанне можа быць фальшывым, і супрацоўнікі газеты застануцца затрыманымі да высвятлення асобы ў міліцыі.
Падчас затрымання, на пытанне журналістаў, за што іх затрымліваюць, супрацоўнікі міліцыі адказвалі: “Напрыклад, за тое што вы нецвярозыя і брыдкасловіце”.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"