Што чакаюць журналісты ад змяненняў правапісу беларускай мовы?


Тэма змянення правілаў правапісу беларускай мовы актыўна абмяркоўваецца ў журналісцкім асяроддзі пасля таго, як 25 жніўня прэзідэнт А. Лукашэнка даручыў Мінадукацыі распрацаваць новыя правілы арфаграфіі і пунктуацыі і на працягу наступных двух тыдняў вынесці гэты праект яму на разгляд.

Тэма змянення правілаў правапісу беларускай мовы актыўна абмяркоўваецца ў журналісцкім асяроддзі пасля таго, як 25 жніўня прэзідэнт А. Лукашэнка даручыў Мінадукацыі распрацаваць новыя правілы арфаграфіі і пунктуацыі і на працягу наступных двух тыдняў вынесці гэты праект яму на разгляд. На думку прэзідэнта, правілы трэба пісаць зразумела і даступна, каб імі магло карыстацца шырокае кола людзей, у тым ліку школьнікі, настаўнікі і журналісты.

А вось што чакаюць ад гэтых зменаў правілаў беларускай мовы самі журналісты - у першую чаргу, якія карыстаюцца класічным беларускім правапісам, так званай "тарашкевіцай"? - гэта пытанне да прадстаўнікоў беларускіх СМІ, а таксама вядомых філолагаў.

Андрэй Дынько, галоўны рэдактар газеты "Наша Ніва":
- Пакуль мы не будзем гадаць на кававай гушчы, будзе бачна, калі змены ў правілы правапісу будуць прынятыя. Калі гэта робіцца дзеля таго, каб забараніць альбо выціснуць за мяжу некаторыя беларускія медыйныя праекты, мы будзем разглядаць гэта як злачынства супраць беларускай культуры і любымі сродкамі будзем супраціўляцца гэтым абмежаванням.
Мне як беларусу вельмі "падабаецца", што змены ў беларускі правапіс прымаюць людзі, якія не гавораць па-беларуску ў паўсядзённым жыцці. Гэта яркая каланіяльная традыцыя, і сама за сябе гаворыць, што зычаць гэтыя людзі беларусам. У той жа час "Таварыства беларускай мовы" ні слыхам, ні дыхам не ведае пра гэты праект.

Зміцер Саўка, мовазнаўца, сааўтар "Беларускага класічнага правапісу":
- Хутчэй за ўсё трэба чакаць закрыцця альбо пераходу на рэфармаваны правапіс тых выданняў, якія выходзяць на "тарашкевіцы".
- На чым Вы грунтуецеся, робячы такія высновы?
- Рэч у тым, што пякучай патрэбы ў рэфармаванні няма, ёсць неабходнасць вяртання да класічнага правапісу - "тарашкевіцы". Увогуле, змяненне правапісу - гэта цяжкое перажыванне для мовы. Усе папярэднія змены - і ў 33-м, і ў 57-м гадах - гэта ўдар па мове і культуры народа. Ёсць мовы, дзе правілы правапісу не змяніліся стагоддзямі, таму аргументацыя, што беларускі правапіс не змяняўся з 57 года, ні чым не падмацаваная. Лепш за ўсё, каб яго не змянялі і з 18-га года. Тым больш, што зараз змены прапануюцца нязначныя, таму хутчэй за ўсё рэформа будзе мець не столькі лінгвістычнае, колькі палітычнае значэнне і мэту, галоўная з якіх, барацьба з апазіцыяй. Любой апазіцыяй - ці то палітычнай, ці то культурнай, ці то духоўнай.

Міхась Скобла, намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтар праграмы "Вольная студыя" радыё "Свабода":
- Рэфармаванне правапісу ўяўляецца мне вельмі несвоечасовай акцыяй. Беларуская мова сёння загнаная ў рэзервацыю, прастора якой з кожным годам звужаецца. Мовы амаль не чутно на дзяржаўным тэлебачанні, на ёй не гаворыць ніводзін (!) дзяржаўны чыноўнік міністэрскага ўзроўню, пераводзяцца на расейскую мову школы. Чатыры гады назад мая дачка пайшла ў школу - вы б ведалі, колькі інстанцый давялося прайсці, каб адкрыць у той звычайнай 218-й школе беларускую клясу! "Беларускі гістарычны часопіс", які пятнаццаць гадоў выходзіў па-беларуску, з нядаўняга часу стаў расейскамоўным. Катастрафічна памяншаецца колькасць беларускіх кніг. На нас ідзе дзевяты вал расейскай маскультуры. Закон аб дзяржаўнасці беларускай мовы не выконваецца ва ўсіх напрамках... І ў гэты момант некаму стукнула ў галаву рэфармаваць правапіс беларускай мовы... Мне гэтае рэфармаванне бачыцца праз такую мэтафару часоў ваяўнічага атэізму: храмы пазачынялі, забілі наглуха дошкамі дзверы і вокны, з купалоў скінулі крыжы, са званіцаў - званы, святароў саслалі на Калыму - і ў той жа час дазволі пісаць слова "Бог" з вялікай літары...

Канкрэтна пра магчымае "рэфармаванне" гаварыць перадчасна. Паколькі ніхто ня ведае, што збіраецца рабіць Міністэрства адукацыі ці там Інстытут мовазнаўства. Калі ў 1933 годзе бальшавікі "рэфармавалі" беларускую мову, дык і то наладзілі шырокае абмеркаванне, склікалі некалькі сур'ёзных мовазнаўчых канферэнцыяй. А сёння ўсё хочуць зрабіць патаемна. Значыць, рэфарматары нячыстыя на рукі. Магчыма, улада хоча займець яшчэ адзін спосаб уціску на "Наша Ніву" ці "Дзеяслоў", якія выкарыстоўваюць не "наркамаўскі" правапіс. У кожным выпадку, нічога добрага ні беларускай мове, ні яе носьбітам меркаваная рэформа не прынясе. Не да пацераў, калі хата гарыць. Спачатку трэба вярнуць беларускую мову да паўнакроўнага жыцця, а потым праводзіць розныя рэформы.

Віктар Іўчанкаў, мовазнаўца, сааўтар праекта новай рэдакцыі Правілаў беларускай мовы:
- Чакаць удасканалення правілаў у адпаведнасці з новай рэдакцыяй Правілаў арфаграфіі і пунктуацыі, якая будзе прынятая.
- Ці будзе магчымасць, напрыклад, у газеты "Наша Ніва" і далей выходзіць на "тарашкевіцы"?
- Гэта не ў маёй кампетэнцыі. Гэта будзе вырашацца ў заканадаўчым парадку.

Аляксандр Класкоўскі, кіраўнік аналітычнай службы інфармацыйнай кампаніі БелаПАН:
- Варта зазначыць, што небяспеку могуць несці не самі Правілы, а тыя нарматыўныя акты, якія будуць рэгламентаваць парадак іх ужывання. Тут можна спаслацца на замежны вопыт: у Нямеччыне нядаўна правялі рэформу арфаграфіі - сёння новыя Правілы абавязковыя толькі для дзяржаўных устаноў і сістэмы адукацыі, а прыватныя кампаніі і рэдакцыі СМІ маюць права самі вырашаць, якімі правіламі правапісу карыстацца. Ёсць вялікі сумнеў, што ў нас дазволяць адпаведны лібералізм.
Уціск выданняў, якія карыстаюцца класічным правапісам, можа нанесці ўрон аднаму з каштоўных пластоў нашай моўнай спадчыны.

Нагадаем, у артыкуле 6 Закона аб друку і іншых СМІ адзначана, што СМІ здзяйсняюць сваю дзейнасць на дзяржаўных мовах, а таксама іншых мовах ў адпаведнасці з заканадаўствам. "Не дапускаецца скажэнне агульнапрынятых норм мовы, якая выкарыстоўваецца". У 1998 годзе ўжо быў прэцэдэнт, калі Госкамдруку вынес у адрас рэдакцыі газеты "Наша Ніва" афіцыйнае папярэджанне аб парушэнні гэтага артыкулу. Тады газета ў судовым парадку аспрэчыла папярэджанне, паколькі вось гэтых моўных норм не існуе.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"