Зыск да газеты "Товарищ" аб абароне гонару і годнасці


Зыск да газеты "Товарищ" і прафсаюзнага актывіста Паўла Паддубскага падаў у суд старшыня асацыяцыі "Сталічнае таксі" Ігар Верхавец.

Зыск да газеты "Товарищ" і прафсаюзнага актывіста Паўла Паддубскага падаў у суд старшыня асацыяцыі "Сталічнае таксі" Ігар Верхавец. Прычына пазову - артыкул Паўла Паддубскага пад назвай "Прыехалі ў прыгоннае права" у нумары "Товарища" ад 9 чэрвеня.

У сваім матэрыяле на старонках газеты прафсаюзны актывіст расказвае аб праблемах, з якімі сутыкнуліся таксісты ў Мінску пасля змянення правілаў перавозкі пасажыраў, і разважае, што новыя правілы на руку толькі некалькім буйным манапалістам на гэтым рынку працы. Ігар Верхавец згадваецца ў артыкуле аднойчы: "сярод таксістаў існуе меркаванне, што сітуацыя, якая склалася яму (І. Верхаўцу - пр. прэс-службы БАЖ) выгадная".
Старшыня асацыяцыі "Сталічнае таксі" палічыў такое меркаванне абразлівым і патрабуе праз суд кампенсацыю: 15 млн. рублёў ад газеты і 15 млн. рублёў ад аўтара артыкула.
Галоўны рэдактар газеты "Товарищ" Сяргей Вазняк упэўнены, што ў гэтым артыкуле няма фактаў, якія каго-небудзь абражаюць: "Верхавец пакрыўдзіўся на тое, што ў людзей існуе наконт яго сваё меркаванне. Але ж гэта іх права лічыць так альбо інакш. Можна крыўдзіцца альбо пагаджацца, думка можа быць памылковай, але меркаванне - гэта дыскусія, а не прадмет судовага разгляду." Таксісты, чые інтарэсы адстойвае артыкул, гатовыя ў якасці сведак выказаць свае меркаванне ў судзе, - расказаў Сяргей Вазняк, ён упэўнены, што газета выйграе справу: "Згодна закона інакш немагчыма".

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"