Расследаванне крымінальнай справы аб збіцці журналіста Алега Улевіча ізноў прыпынілі


Чарговае паведамленне аб чарговым прыпыненні расследавання крымінальнай справы, узбуджанай па факту нанясення цялесных пашкоджанняў пры выкананні прафесійных абавязкаў, атрымаў журналіст "Комсомольской правды" в Белоруссии" Алег Улевіч.

Чарговае паведамленне аб чарговым прыпыненні расследавання крымінальнай справы, узбуджанай па факту нанясення цялесных пашкоджанняў пры выкананні прафесійных абавязкаў, атрымаў журналіст "Комсомольской правды" в Белоруссии" Алег Улевіч.

У лісце за подпісам супрацоўніка Упраўлення дазнання папярэдняга расследавання (УДПР) ГУУС Мінгарвыканкама А. Бортнікава сцвярджаецца, што папярэдняе расследаванне па справе А. Улевіча 11 жніўня прыпынена "у сувязі з неўстанаўленнем асобы, якую належыць прыцягнуць да адказнасці ў якасці абвінавачанага". Алега Улевіча праінфармавалі, што ён мае права абскардзіць гэта рашэнне ў гарадской пракуратуры.

Трэба адзначыць, што аналагічнае паведамленне з гэтага ж упраўлення - адрозніваецца хіба што датамі - журналіст атрымаў на пачатку чэрвеня. Тады, пасля скаргі ў пракуратуру г. Мінска, справу "ў сувязі з непаўнатой праведзенага расследавання і неабходнасцю правядзення дадатковых следча-аператыўных мерапрыемстваў" ўзнавілі і вярнулі "дарасследаваць" назад ва УДПР ГУУС Мінгарвыканкама, якое крыху больш чым праз месяц у чарговы раз прыпыняе папярэдняе расследаванне.

Звярнуцца ізноў у пракуратуру Алег Улевіч намераны, але настроены неаптымістычна. "Хутчэй за ўсё справу хочуць спусціць на тармазах", - лічыць ён.

Яшчэ ў першай сваёй заяве да пракурора журналіст звяртаў увагу на тое, што следства не вычарпала ўсіх магчымасцей, каб ўстанавіць і прыцягнуць да адказнасці злачынцаў: "...сведкамі інцыдэнта былі каля 30 супрацоўнікаў міліцыі. Трое з іх вялі аператыўныя відэаздымкі. Побач таксама знаходзіліся каля 20 грамадзян."

Нагадаем, што 2 сакавіка А. Улевіч атрымаў чэрапна-мазгавую траўму і пералом носа - меркавана, ад рук супрацоўнікаў праваахоўных органаў, - калі выконваў свае прафесійныя абавязкі каля будынку Кастрычніцкага РУУС г. Мінска (у гэты час там знаходзіўся затрыманы кандыдат у прэзідэнты А. Казулін). Са слоў журналіста, гэта адбылося ў той момант, калі ён здымаў на фота, як супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць прыхільнікаў А. Казуліна: "Мне нанеслі ўдар у твар, потым зацягнулі ў аўтобус разам з іншымі, дзе яшчэ некалькі разоў ударылі па нырках." Тыдзень журналіст правёў у бальніцы. 31 сакавіка па гэтаму факту была узбуджана крымінальная справа.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"