Сёння - 70 гадоў вядомаму беларускаму паэту Генадзю Бураўкіну
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" ад імя больш як тысячы сваіх сяброў віншуе слыннага паэта, нястомнага грамадскага дзеяча і паважанага калегу з Днём нараджэння. Нашы самыя шчырыя пажаданні - творчага натхнення, здароўя, выдатнага настрою і новых вершаў Вам, Генадзь Мікалаевіч!
***
Генадзь Бураўкін нарадзіўся ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.
У 1959 г. скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў стыльрэдактарам часопіса "Коммунист Белоруссии", старшым рэдактарам на Беларускім радыё, загадчыкам аддзела літаратуры, намеснікам галоўнага рэдактара газеты "Літаратура і мастацтва". У 1968-1972 гг. - карэспандэнт "Правды" па Беларускай ССР, у 1972-1978 гг. - галоўны рэдактар часопіса "Маладосць". З 1978 г. - старшыня Дзяржаўнага камітэта Беларускай ССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У складзе дэлегацыі БССР у 1976 г. удзельнічаў у рабоце XXXI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 10 і 11-га скліканьняў, адзін з ініцыятараў прыняцьця Закона аб мовах (студзень 1990). Быў першым прадстаўніком незалежнай Беларусі ў ААН. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалямі.
Першыя вершы надрукаваў у 1952 г. Аўтар зборнікаў паэзіі "Майская просінь" (1960), "З любоўю і нянавісцю зямною" (1963), "Дыханне" (1966), "Выбраныя вершы" (1969), "Жніво" (1971), "Выток" (1974), "Вершы пяці кніг" (1976), "Варта вернасці" (1978), "Пяшчота" (1985), "Гняздо для птушкі радасці" (1986), а таксама кніжак для дзяцей "Тры казкі пра Зая" (1974), "Сінія арэлі" (1987). У 1986 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
Напісаў кнігу прозы "Тры старонкі з легенды" (1971).
Адзін з аўтараў (з У.Халіпам, Ф.Коневым) сцэнарыя двухсерыйнага фільма "Полымя" (1974), аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў "Апаленая памяць" (1975) і "Падарожжа па Беларусі" (1976).
Перакладае з расейскай, украінскай, малдаўскай, балгарскай і іншых моў. Пераклаў на беларускую мову камедыю А.Хмеліка "Пузыркі" (пастаўлена ў 1966). У яго перакладзе асобным выданнем выйшла кніжка паэзіі Б.Алейніка "Заклінанне агню" (1979).
Многія вершы пакладзены беларускімі кампазітарамі на музыку.