"Комсомольская правда в Белоруссии" заплаціць 60 мільёнаў рублёў за тэхнічную памылку
Газета "Комсомольская правда" в Белоруссии" усё ж такі павінна выплаціць старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Аляксандру Шпілеўскаму 60 мільёнаў рублёў. Учора Мінскі гарадскі суд адхіліў касацыйную скаргу рэдакцыі газеты на рашэнне суду Савецкага раёна Мінска па зыску старшыні мытнага камітэта.
Нагадаем, прычынай пазову да "Комсомольской правды" стала тэхнічная памылка пры вёрстцы нумару газеты ад 4 мая. Фатаграфію Аляксандра Шпілеўскага надрукавалі побач з цытатай (нейтральнага зместу на спартыўную тэматыку) Мікалая Шпілеўскага, агента футбаліста А. Глеба, у рубрыцы "Цытата дня". Кіраўніцтва газеты папрасіла прабачэння ў А.Шпілеўскага - назаўтра ў вуснай форме праз прэс-службу мытнага камітэта, і публічна ў наступным жа нумары газеты, а таксама накіравала афіцыйны ліст з прабачэннямі.
Але кіраўнік беларускай мытні палічыў, што гэта памылка нанесла яму "каласальную маральную шкоду", і запатрабаваў ад выдання кампенсацыю ў памеры 80 мільёнаў рублёў. 22 чэрвеня суд Савецкага раёна Мінска, дзе разглядалася справа па зыску чыноўніка, пастанавіў, што газета "Комсомольская правда" в Белоруссии" павінна выплаціць А. Шпілеўскаму 60 мільёнаў рублёў. Пасля гэтага кіраўніцтва выдання звярнулася з просьбай аб касацыі ў Мінскі гарадскі суд.
Вось як прэс-службе БАЖ пракаментавала рашэнне Мінскага гарадскога суда захаваць у сіле пастанову папярэдняй інстанцыі юрыст ЗАТ "БелКП-ПРЭС" (выдаўца газеты "Комсомольская правда" в Белоруссии") Людміла Марцінчык, якая абараняла інтарэсы газеты ў судзе: "Я лічу, што гэта рашэнне незаконнае і неаб'ектыўнае. Я ўражана тым, як разглядалася справа ў судзе, задаваліся пытанні, які не адносяцца да сутнасці: "Хто такі футбольны агент? Ці пакаралі чалавека, які дапусціў памылку? Ці прынеслі дакумент, пацвярджаючы гэта?" Гэта не прававы разгляд справы. Я вельмі спадзявалася, што касацыйная інстанцыя больш аб'ектыўна падыйдзе да вырашэння пытання, але аказалася не так."
"Ніводная газета не бывае без тэхнічных памылак. Гэта тое, што называецца чалавечым фактарам, - адзначыла ў інтэрв'ю Радыё "Свабода" галоўны рэдактар "Комсомольской правды" Юлія Слуцкая. - Калі дагэтуль усе зыскі па абароне гонару і годнасці былі па зместу публікацый, то гэты зыск быў па тэхнічнай памылцы. І там не было нават думкі пра абразу. Гэта быў абсалютна нейтральны тэкст, які ніяк ня мог закрануць гонар і годнасць. Таму, калі гэта і далей узяць на ўзбраенне і караць газеты за тэхнічныя памылкі, то можна дасягнуць вялікіх поспехаў".
Згодна судовай працэдуры, газета "Комсомольская правда в Белоруссии" вымушана выплаціць старшыні мытнага камітэту Аляксандру Шпілеўскаму 60 мільёнаў рублёў.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"