Журналісту Андрэю Пачобуту - 10 сутак арышту за дробнае хуліганства


Учора напрыканцы дня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна скончыўся разгляд адміністратыўнай справы актывістаў незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі Мечыслава Яскевіча і Андрэя Пачобута, галоўнага рэдактара часопіса "Magazyn Polski na uchodzstwie".

Учора напрыканцы дня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна скончыўся разгляд адміністратыўнай справы актывістаў незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі Мечыслава Яскевіча і Андрэя Пачобута, галоўнага рэдактара часопіса "Magazyn Polski na uchodzstwie". Суд вынес рашэнне: справу першага спыніць, а Андрэю Пачобуту - 10 сутак арышту за "дробнае хуліганства" па артыкуле 156 Адміністрацыйнага кодэкса РБ.

Вось як пракаментаваў судовае рашэнне пакараны журналіст Андрэй Пачобут: "19 жніўня павінна было адбыцца пасяджэнне Галоўнага савета СПБ, каб сарваць яго (пры нашай адсутнасці не было б кворуму), быў наладжаны гэты судовы "спектакль"."

А вось меркаванне адваката Уладзіміра Кісялевіча, які прадстаўляў у судзе інтарэсы Мечыслава Яскевіча і Андрэя Пачобута: "Я увогуле не бачу складу адміністрацыйнага парушэння. Суд вынес і нечаканае, і чаканае рашэнне, прызнаючы паказанні 20 чалавек хлуснёй. Думаю, што гэта чарговы пераслед журналістаў па палітычных матывах."
Суд разглядаў справу 2 дні перш за ўсё таму, што сведчылі больш за 20 чалавек, і ўсе заяўлялі што, на іх думку, хуліганства было хутчэй з боку журналістаў абласнога тэлебачання, бо, робячы здымкі, яны тапталі магілы салдат. Тым не менш, не вельмі аргументаваныя тлумачэнні супрацоўнікаў ТРК "Гродна" узялі верх над сведчаннямі з боку абароны, у тым ліку прадстаўнікоў Генеральнага консульства Польшчы у Гродне. Пасля таго, як суддзя Зінаіда Барцэвіч агучыла рашэнне, прысутныя ў зале ў знак пратэсту пачалі спяваць песню на польскай мове.
Нагадаем, што 15 жніўня, у Дзень Войска Польскага, на гродзенскіх ваенных могілках ладзілася імша з ускладаннем кветак загінуўшым польскім жаўнерам, на якой прысутнічалі актывісты Саюза палякаў Беларусі і прадстаўнікі Генеральнага консульства Польшчы ў Гродне. Мерапрыемства пачаў здымаць на відэакамеру чалавек у цывільным, на запыт, якую інфармацыйную кампанію прадстаўляе, ён адмовіўся адказваць. Пасля гэтага Андрэй Пачобут і Мечыслаў Яскевіч спінамі засланілі камеру. Супрацоўнікі Гродзенскага абласнога тэлебачання аператар Андрэй Бялятка і рэдактар Уладзімір Лобан паскардзіліся не адразу, а праз 3 дні. Гэта скарга вылілася ў заяву намесніка кіраўніка абласнога тэлебачання Алены Прымачэнка ў праваахоўныя органы. У той жа дзень, 18 жніўня ўвечары, Андрэя Пачобута і Мечыслава Яскевіча затрымалі і змясцілі ў СІЗА.

Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"