У БАЖаўцаў - "срэбра" за футбол і "бронза" за валейбол
Паспяхова выступілі беларускія журналісты на спартыўных спаборніцтвах падчас міжнароднага злёту "Літоўскія журналісты за мір - 2006". У спаборніцтвах, якія ладзіліся ў мінулыя выхадныя на ваеннай базе пад Клайпедай, прынялі ўдзел 16 каманд з Літвы, Латвіі, Украіны і Беларусі. БАЖаўцы занялі другое месца ў футбольным турніры і трэцяе - ў спаборніцтвах па валейболу.
Футбольная каманда беларускіх журналістаў у паўфінале з лікам 2-0 абыграла гаспадароў поля - зборную Lithuanian Great Duke Butigeidis Dragoon Training battalion. На фінал не хапіла элементарнай свежасці (беларускім журналістам давялося правесці тры гульні запар, у той час, як іх сапернікі з Латвіі адпачывалі).
Нашы дамінавалі на полі, але так і не змаглі адыграць гол, прапушчаны ў першым тайме. У выніку перамогу святкавалі латышскія журналісты.
У валейбольным турніры беларускія журналісты ўступілі ў паўфінале зборнай літоўскіх ваенных (з якімі пазней "разлічыліся" на футбольным полі), але былі адзначаны прызам "За самую прыгожую барацьбу".
У традыцыйных спаборніцтвах "Журналісты за мір", арганізатарам якіх выступае Саюз журналістаў Літвы, зборная БАЖ прымае ўдзел ужо другі раз. У мінулым годзе беларускія журналісты сталі пераможцамі футбольнага турніра.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"