Газета "Витебский курьер М" атрымала ўзнагароду ад праваслаўнай царквы


Недзяржаўная грамадска-палітычная газета "Витебский курьер М" 17 жніўня атрымала благаслаўленне Віцебскай праваслаўнай епархіі і грамату "За дбайную працу ва славу святой царквы".

Недзяржаўная грамадска-палітычная газета "Витебский курьер М" 17 жніўня атрымала благаслаўленне Віцебскай праваслаўнай епархіі і грамату "За дбайную працу ва славу святой царквы". Уручаючы ўзнагароду калектыву рэдакцыі, епіскап Друцкі Пётр, вікарый Віцебскай епархіі, адзначыў, што "Витебский курьер М" як ні адна іншая газета ў горадзе ўздымае праблемы культурнай і гістарычнай спадчыны, паказвае сучаснае жыццё ў Віцебску і вобласці.

"Гэта было абсалютна нечакана, - расказвае галоўны рэдактар газеты Уладзімір Базан. - У мінулы чацвер патэлефанаваў архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый і сказаў, што епархія прыняла рашэнне ўзнагародзіць газету граматай. Калектыву было прыемна пачуць словы падзякі за сваю працу і атрымаць такую ўзнагароду. Тым больш зараз, калі працягваецца разгляд судовай справы ў дачыненні да газеты, за тое, што мы на сваіх старонках узнялі пытанне, што на месцы старажытнага сабора ў Віцебску плануецца будаўніцтва забаўляльнага цэнтра."

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"