Кіраўніцтва ТРК "Гомель" сцвярджае, што ніхто не будзе звольнены
Пасля з'яўлення на сайце БАЖ інфармацыі пра магчымае скарачэнне штату на Тэлерадыёкампаніі "Гомель" у сувязі са змяненнем вяшчальнай сеткі на электронны адрас ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" прыйшоў ліст ад ТРК "Гомель" за подпісам Андрэя Чыкунова. Ён са спасылкай на дырэктара кампаніі запэўнівае, што ні адзін супрацоўнік не быў звольнены на Гомельскім тэлебачанні ў жніўні, і ніхто не будзе звольнены ў бліжэйшыя месяцы без важкіх прычын.
Далей у лісце сцвярджаецца, што сёння як ніколі ў рэгіянальных тэлерадыёкампаній ёсць магчымасць ствараць тэлепраграмы для галоўных каналаў краіны. На ТРК "Гомель" створаны творчыя групы, якія сёння працуюць над пілотнымі праграмамі. А кіраўніцтва вядзе перамовы са сцэнарыстамі, рэжысёрамі і тэлеаператарамі горада аб стварэнні праграм на базе Гомельскай тэлестудыі для Белтэлерадыёкампаніі "Турбаванне БАЖ з гэтай прычыны дарэмнае. Без працы могуць застацца толькі тыя, хто не ўмее, не любіць працаваць альбо піша загадзя паклёпніцкія артыкулы", - заканчвае свой ліст Андрэй Чыкуноў.
БАЖ будзе сачыць за гэтай тэмай, і пазней мы да яе вернемся.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"