Разам супраць юрыдычнага самаўпраўства
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" падтрымала пратэст расійскіх калег у сувязі з прыняццем уладай Расійскай Федэрацыі паправак у закон "Аб супрацьдзеянні экстрэмісцкай дзейнасці".
Гэтыя новаўвядзенні негатыўна адаб'юцца на працы расійскіх журналістаў і яшчэ больш абмяжуюць права грамадзян на атрыманне і распаўсюджанне аб'ектыўнай інфармацыі, - зазначаецца ў заяве. - "Беларускія журналісты ўжо адчулі на сабе наступствы падобных заканадаўчых ініцыятыў. Са студзеня 2001 года у нас прымяняюцца крымінальныя артыкулы, якія прадугледжваюць павышаную адказнасць за замах на гонар і годнасць прэзідэнта і іншых прадстаўнікоў улады." На падставе гэтых артыкулаў ўжо былі асуджаны журналісты незалежных выданняў і грамадскія актывісты.
"Беларуская асацыяцыя журналістаў арганізавала і правяла агульнанацыянальную акцыю пратэста з патрабаваннем адмяніць гэтыя артыкулы Крымінальнага кодэкса. Пад зваротам падпісаліся больш за 7 тысяч грамадзян Беларусі, але улада іх не пачула. А ў снежні 2005 года ў Крымінальны кодэкс быў уключаны артыкул 369-1 "Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь", якая мала чым адрозніваецца ад сумна вядомага артыкула аб "антысавецкай агітацыі і прапагандзе", - гаворыцца ў дакуменце.
Ад імя больш як тысячы сваіх сяброў Беларуская асацыяцыя журналістаў заяўляе аб салідарнасці з расійскімі калегамі, якія выступаюць супраць юрыдычнага самаўпраўства.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"