Яшчэ адно незарэгістраванае, але не адзінае і не апошняе, выданне…
Накладам у 50 асобнікаў выйшаў самаробным друкам чарговы, ужо трэці ад пачатку чэрвеня, нумар незвычайнага для Магілёўскай вобласці выдання пад назвай "Брылёўскі летапіс".
Калі б не друкаваны выгляд і фотаілюстрацыі, гэтую 8-старонкавую газету фарматам А-4 можна было б прыняць за сапраўды рукапіснае выданне. Перш за ўсё яе адрознівае падача інфармацыі, гэта кароткія нататкі аб тым, што адбываецца ў цэнтральнай вёсцы сельсавета і ў наваколлі, а таксама ў вобласці і краіне (падзеі тут аглядаюцца праз вытрымкі з абласных і нацыянальных газет). Рэдактар і выдавец "Брылёўскага летапісу" Мікола Яцкоў працуе ў Брылях загадчыкам сельскага Дома культуры.
Вядомы ў вобласці самадзейны кампазітар і паэт М. Яцкоў наладзіў ў Брылях вольны канал інфармавання землякоў для таго, каб "лепш ведаць і разумець гісторыю і сённяшні дзень нашых мясцін... А той, хто ведае мінулае і разумее сённяшняе, упэўнена крочыць у будучае", - так звяртаецца рэдактар да чытачоў у першым нумары.
Пра бюлетэнь людзі ў Брылях і навакольных вёсках ужо пытаюцца адзін у аднаго, ягоныя нататкі выклікалі непадробны інтарэс. "Брылёўскі летапіс" - як меней 5-ае па ліку выданне ў Магілёўскім рэгіёне, дзе цяпер няма зарэгістраваных недзяржаўных газет.
Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"