На ОНТ аб крымінальнай справе супраць кіраўніка нічога не чулі
У беларускіх сродкам масавай інфармацыі ўчора-сёння з'явілася інфармацыя аб тым, што ўзбуджана крымінальная справа супраць кіраўніка тэлеканала ОНТ (ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал") Рыгора Кісяля. "Размова ідзе ці то аб прысваенні, ці то аб растраце дзяржаўных грошай - дакладную фармуліроўку і артыкул, па якім узбуджана крымінальная справа, у пракуратуры пакуль не называюць", - паведамляе "Комсомольская правда в Белоруссии".
Тым часам, сёння раніцай ў прыёмным пакоі тэлеканала ОНТ адказалі, што Р.Кісель працуе з 9.00 як звычайна. Прэс-сакратар Аліна Праваторава пацвердзіла гэтую інфармацыю. Яна расказала, што на мінулым тыдні сапраўды была фінансавая праверка ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал", гэта была сустрэчная праверка пасля таго, як былі пасля высветленыя фінансавыя парушэнні ў дзейнасці партнёра тэлеканала ОНТ - кампаніі "Тэлефільм". "Пасля праверкі ніякіх санкцый і арыштаў рахункаў прадпрыемства не было. Кіраўніцтва працуе ў звычайным рэжыме. Унутры тэлеканала аб узбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да кіраўніка ОНТ Рыгора Кісяля нічога не чулі".
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"