«Журналістыка і блогінг. Хто на каго ўплывае?» (ШМАТ ФОТА)


Дзякуючы Фэйсбуку, ЖЖ і Твітэру журналісты вядуць больш здаровы лад жыцця. «Раней, каб дастаць асабістую інфармацыю пра тую ці іншую асобу, даводзілася піць шмат каньяку…»

Такой была тэма чарговага, чацвёртага па ліку «круглага стала» ў межах кампаніі ГА «БАЖ» «За якасную журналістыку».

Дыскусію, якая адбылася ў Мінску ўвечары 26 лістапада, мадэравалі два беларускія сеціўныя «тытаны», вядомыя блогеры і журналісты Паўлюк Быкоўскі і Віктар Малішэўскі. (Апошні, праўда, называе сябе «антыжурналістам», бо зараз не працуе ні ў якіх СМІ і піша толькі ў сацыяльных сетках.)

Дзе мяжа паміж блогінгам і журналістыкай? Ці добра, што журналісты часта карыстаюцца блогерскімі напрацоўкамі? Хто сёння «заганяе» інфармацыйную «здабычу», а хто жывіцца яе «аб’едкамі»? Калі перадрукоўваць блогерскі «пост», як быць з захаваннем індывідуальнага стылю аўтара, калі той выходзіць за межы агульнапрынятых норм?..

Выглядае на тое, што кожны сродак масавай інфармацыі і кожны журналіст для сябе гэтыя пытанні вырашае па-свойму, і таму адзінага меркавання тут ніколі не будзе. Тым не менш, цягам дзвюхгадзіннай дыскусіі некаторыя агульныя высновы ўсё ж «намаляваліся».

Першая і самая бясспрэчная — што блогінг і журналістыка моцна адрозніваюцца. «Блогер робіць тое, што журналіст часта не можа сабе дазволіць у артыкулах. Журналіст павінен імкнуцца да аб’ектыўнусці, не выказваць уласных эмоцый, і адзіная аддушына для яго — гэта якая-небудзь „аўтарская калонка“. А самыя папулярныя блогі, як правіла, вельмі суб’ектыўныя», — дзеліцца назіраннямі Паўлюк Быкоўскі.

Блогер найперш апасаецца страты даверу сваіх чытачоў, а не санкцый «зверху» за напісанае «не тое», — перакананы Віктар Мілашэўскі. «Нада мной як блогерам няма такога дзяржаўнага кантролю, як, скажам, над напісаным у газеце, і мая адказнасць надыходзіць не „аўтаматычна“. Але, калі я напішу ў блог фігню, то да мяне будзе адпаведнае стаўленне», — зазначыў ён.

Праўда, гэтае назіранне сустрэла супраціў з боку іншых удзельнікаў дыскусіі, якія запэўнілі, што прафесійныя журналісты таксама кіруюцца найперш адказнасцю перад сваім чытачом, а не бояззю ўладнага «дубца».

Яшчэ адным істотным адрозненнем можна лічыць тое, што блогер вольны ў выбары тэмаў, а журналіст часта вымушаны выконваць «рэдакцыйныя заданні», — пагадзіліся ўдзельнікі «круглага стала». Адсюль, магчыма, і зайздросная блогерская «свежасць погляду» на звыклыя рэчы...  

Нягледзячы на ўсе гэтыя разыходжанні (а можа, якраз дзякуючы ім) , журналістыка і блогінг апошнім часам шчыльна пераплятаюцца. Блогеры часта жывяцца ў СМІ тэмамі для абмеркавання альбо, як Віктар Малішэўскі, збіраюць у іх «прымітыўную» інфармацыю для ўласных высноваў. З іншага боку, блогерскія напрацоўкі часам фігуруюць нават у пытаннях, што задаюць журналісты чыноўнікам на публічных прэс-канферэнцыях.

А палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі ўвогуле прызнаецца, што дзякуючы Фэйсбуку, ЖЖ і Твітэру стаў весці больш здаровы лад жыцця: «Проста раней, каб дастаць асабістую інфармацыю пра тую ці іншую асобу, даводзілася з імі шмат піць каньяку…»

У разважаннях пра пераразмеркаванне сфераў уплыву блогераў і журналістаў Віктар Малішэўскі наважыўся на паралель з жывёльным светам: «Ёсць гіены, я ёсць ільвы. Ільвы заганяюць здабычу, з’ядаюць лепшыя кавалкі, а потым прыходзяць гіены і даядаюць тое, што засталося… Раней „ільвамі“ былі СМІ, а блогеры — „гіенамі“. А зараз сітуацыя мяняецца, бо і блогеры часам „заганяюць здабычу“ і „з’ядяюць лепшыя кавалкі“…»

А вось Алена Якжык, журналістка інтэрнэт-газеты «Салідарнасць», выступае супраць пастаноўкі пытання пра канкурэнцыю. «Мы рэгулярна выстаўляем публікацыі блогераў, і я не зусім разумею, чаму мы зараз высвятляем, хто „круцей“? Так, менавіта блогеры выклалі інфармацыю пра выбух 4 ліпеня 2008 года ў Мінску, бо журналістаў там не было. Але ж блогеры не размаўлялі з урачамі, МУС і гэтак далей! Гэта журналісты потым далучыліся і рабілі сваю працу — тую, што не ўмеюць рабіць блогеры. Так што мы дапаўняем адзін аднаго…»

Між тым, у шчыльнага перапляцення журналістыкі і блогінгу ёсць як станоўчыя, так і адмоўныя бакі. Узбагачаючы адзін аднаго інфармацыйна, журналісты і блогеры ў той жа час утвараюць своеасаблівую «электронную рэзервацыю», якая існуе ў сваім даволі адасобленым ад рэальнага жыцця сусвеце. Але, калі блогеры вольныя лічыцца толькі са сваімі сеціўнымі «фрэндамі», то журналісты не павіныя забывацца на ўзятую на сябе адказнасць перад грамадствам.

«На маю думку, журналісты засядзеліся ў кабінетах. Яны сталі нейкай „асаблівай кастай“, якая акрамя сябе нікога не бачыць, — падзяліўся апасеннямі Паўлюк Быкоўскі. — Блогеры даюць нам адчуванне грамадства, але яно можа аказацца скажоным. Таму я ўсё ж прытрымліваюся меркавання, што журналісту трэба шмат „бегаць“. Недарэмна замежныя калегі абыходзяць дзесяткі выбарчых участкаў, дзе чуюць нібыта адныя і тыя ж размовы. Але менавіта так нараджаецца цікавы матэрыял…»

Нягледзячы на заяўлены на пачатку дыскусіі намер спрачацца, мадэратары, хутчэй, дапаўнялі адзін аднаго. Віктар Малішэўскі ва ўласнай яму жартаўлівай манеры даваў зразумець, што стоадсоткавай ісціны ў гэтай гнуткай сферы проста не можа быць, бо сеціўная творчасць — суцэльны эксперымент, і ў першую чаргу для яго самога.

«Для мяне блогі — гэта эксперымент над сваім стылем, спосабам падачы. Гэта тое, што я не змог бы дазволіць сабе ў газеце. І гэта вельмі моцна прачышчае мазгі, мяняе стаўленне да журналістыкі», — прызнаўся Віктар.

А калі дайшло да прагназавання далейшага развіцця блогінгу і журналістыкі, з гатовасцю выказаў меркаванне, што блогінг не можа развівацца бясконца і рана ці позна вычарпае сябе: «Блогеры перастануць быць цікавымі. З цягам часу блогі ператворацца проста ў сацыяльную сетку, дзе будуць абмяркоўвацца артыкулы ў СМІ…»

ВІДЭАЗАПІС ДЫСКУСІІ З'ЯВІЦЦА НА САЙЦЕ ПАЗНЕЙ

ГА «БАЖ» распачало кампанію «За якасную журналістыку»

Быць рэпарцёрамі, піяршчыкамі ці… палітыкамі? (ФОТА)

«Самацэнзура — пастка ці механізм самакантролю?» (ФОТА)