Працуем пад прыцэлам. Што далей? (ФОТА)


На мінулым тыдні ў Мінску прайшло пасяджэнне прэс-клубу БАЖ* у межах кампаніі «За якасную журналістыку». На размову пра сённяшні стан і будучыню беларускай незалежнай журналістыкі сабраліся калегі з Мінска і рэгіёнаў.

На мінулым тыдні ў Мінску прайшло пасяджэнне прэс-клубу БАЖ у межах кампаніі «За якасную журналістыку». На размову пра сённяшні стан і будучыню беларускай незалежнай журналістыкі сабраліся калегі з Мінска і рэгіёнаў.

Падзеі канца 2010 — пачатку 2011 года пацягнулі за сабой узмацненне ціску на прадстаўнікоў незалежнай журналісцкай супольнасці. Вобшукі ў чатырох рэдакцыях ў 12-і кватэрах журналістаў, вынікам якіх стала канфіскацыя 114 адзінак прафесійнай тэхнікі (гэта без уліку дробных носьбітаў інфармацыі кшталту флэшак і дыскаў); дзесяткі дапытаных у КДБ і міліцыі калегаў; 27 затрыманых і 21 збіты ў звязку з падзеямі 19 снежня журналіст.

Але, да гонару беларускай незалежнай журналістыкі, у выніку гэтых падзеяў не спыніў сваёй дзейнасці ніводны сродак масавай інфармацыі. Нават калі ў рэдакцыі з «аргтэхнікі» пакінулі адзін электрачайнік, як гэта адбылося ў газеце «Борисовские новости»…

Змаганне за «выспу свабоды» працягваецца

Незалежная прэса Беларусі была і застаецца «выспай свабоды» ў несвабоднай краіне. Такую думку падчас прэс-клубу выказаў галоўны рэдактар газеты «Новы час» Аляксей Кароль. Асабліваць існавання гэтай «выспы» — у няспынным вонкавым ціску і непазбежнай у такіх умовах самацэнзуры.

«Мы можам вызначаць межы гэтай самацэнзуры, але працаваць „на поўніцу“ пакуль не выпадае, — зазначыў рэдактар „Новага часу“. — Мы самі часам мірымся з той ненармальнай сітуацыяй, у якой апынуліся. Трохі супыніцца ціск, трохі стане лягчэй дыхаць — і мы ўжо лічым, што гэта нармальна…»

Па назіраннях спадара Караля, пасля 19 снежня ў журналісцкіх колах ўзмацняецца тэндэнцыя адказваць на дзяржаўную прапаганду контрпрапагандай. Гэтыя настроі могуць завесці незалежную журналістыку ў тупік, збіць нашу прафесійную «сістэму каардынат», якой мы мусім кіравацца, — апасаецца рэдактар.

«Нельга забывацца на тое, што аснова якаснай журналістыкі — аб’ектыўнасць і бесстароннасць. Мы не павінны дапускаць заангажаванасці датычна нейкіх палітычных сілаў альбо асобаў», — падкрэсліў Аляксей Кароль. Па словах журналіста, ён на асабістым досведзе зведаў рэпрэсіі падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі 2006 года — калі закрылі газету «Згода», якая на выбарах падтрымлівала аднаго з кандыдатаў. Гэтым разам «Новы час» рабіў стаўку на палітычную аналітыку і даваў слова ўсім кандыдатам, не навешваючы ні на каго «ярлыкоў».

«Гэтая ўзважаная і, я лічу, прафесійная праца выдання падчас мінулай кампаніі дала нам магчымасць пазбегнуць сур’ёзных праблем і, разам з тым, сумленна і адказна данесці інфармацыю да чытачоў», — падкрэсліў спадар Кароль. Менавіта такі падыход да інфармацыі, на думку рэдактара, прыносіць беларускай незалежнай журналістыцы няхай сабе маленькія і лакальныя, але перамогі.

З гэтай пазіцыяй згодны журналіст Associated Press Юрась Карманаў, які адзначае, што першай і галоўнай ўмовай працы журналіста падчас выбараў ці іншых палітычных падзеяў павінна быць незаангажаванасць. «Тады ты можаш працаваць у любой краіне, пры любых умовах», — упэўнены Карманаў.

Журналіст спасылаецца на правілы працы AP, якія забараняюць супрацоўнікам публічна каментаваць дзеянні ўладаў без дазволу кіраўніцтва, а таксама прымаць якія-кольвек падарункі ў любым выглядзе. «Журналістам Associated Press забаронена нават у прэс-туры ездзіць за кошт арганізатараў, каб не быць у залежнасці ад іх», — заўважыў Юрась Карманаў.

«Беларускія ўлады бачаць сваёй мэтай трымаць нас у «гета», але нават у такіх умовах можна змагацца. А стандарты якасці журналісцкай працы павінны дапамагчы выйсці нам за межы «гета», пашырыць плошчу нашай «выспы свабоды», — перакананы рэдактар «Новага часу» Аляксей Кароль.

У пяці хвілінах ад АМАПу

Праца пад пільным наглядам спецслужбаў розных узроўняў ужо нарадзіла ў журналісцкім асяродку сталіцы свой «чорны гумар», адзначае журналіст газеты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі. «Усе нашы рэдакцыі знаходзяцца ў пяці хвілінах ад прыезду групы АМАП», — жартуюць паміж сабой журналісты.

Не менш занепакоеныя ўмовамі працы і незалежныя журналісты ў рэгіёнах. «Пасля прэзідэнцкіх выбараў у нашых СМІ адчуваецца дэпрэсія. Здаецца, усе заклапочаныя адным пытаннем — як захаваць тое, што маем. Але варта было б думаць і пра будучыню — пра павышэнне ўзроўню прафесіяналізму, фармуляванне прафесійных стандартаў, адраджэнне амаль забытага жанру журналісцкіх расследванняў», — адзначыў у сваім звароце да калегаў галоўны рэдактар «Брестского курьера» Мікалай Аляксандраў.

Тэма паўнавартасных журналісцкіх расследаванняў у беларускіх СМІ выклікала бурную дыскусію.

На думку журналіста «Нашай Нівы» Сямёна Печанко, вартых расследавання тэмаў у Беларусі хапае — не стае толькі часу.

«Стан рэчаў такі, што журналіст часцяком спалучае працу над сайтам і над друкаванай версіяй выдання. Калі ён выпадае з гэтага працэсу на пару тыдняў, рэдакцыя адразу ж адчувае недахоп аўтараў. Акрамя таго, паўстае пытанне з аплатай працоўнага часу, на працягу якога журналіст будзе заняты расследаваннем, фактычна не працуючы на сваё выданне,« — падзяліўся сваімі сумневамі С. Печанко.

Акрамя таго, бадай любая тэма расследавання ў нашай краіне ўрэшце можа быць узнятая на палітычны ўзровень, адзначыў падчас дыскусіі Аляксей Кароль. «Нават калі хапае рэсурсаў — і чалавечых, і матэрыяльных, і тэхнічных, — праводзіць журналісцкія расследаванні ў нашай краіне можа быць даволі небяспечнай справай», — лічыць рэдактар «Новага часу».

Свабода слова — толькі «наша» свабода?

Яшчэ адна праблема, на якую варта звярнуць увагу ў найбліжэйшай будучыні, — адпаведнасць журналісцкага «прадукту» чаканням аўдыторыі. «Мы не знайшлі і не прапанавалі людзям адказу на пытанне, што ж адбылося 19 снежня — ці „масавыя беспарадкі“, ці „спроба дзяржаўнага перавароту“, ці ўсё ж брутальная расправа над людзьмі, — лічыць старшыня ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў“ Жанна Літвіна. — Вельмі важна, каб кожны зразумеў, чаму ж так жорстка малацілі тых, хто выйшаў на плошчу. І гэта наша агульная задача — адшукаць і даць адказ людзям, што ж там насамрэч адбылося. На жаль, мы часам не вельмі прыслухоўваемся да нашай аудыторыі, не задаемся пытаннем — ці задавольваем мы яе патрэбы, ці адпавядаем яе чаканням. Асабіста я бачу якасную журналістыку якраз ва ўменні апраўдаць давер аўдыторыі».

«Трэба прызнацца, што нашы СМІ — як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя — усё больш нагадваюць агітатараў і прапагандыстаў. Тут галоўнае не „пераагітаваць“ і заўсёды памятаць, што наш арыенцір — не „адзінаверцы“, а чытачы з рознымі поглядамі», — раіць усім калегам рэдактар «Брестского курьера» Мікалай Аляксандраў.

Як і каму незалежныя журналісты служаць — тэма для сур’ёзнага сацыялагічнага даследавання, час для якога ўжо наспеў. На памяці прадстаўнікоў свабодных медыяў апошняе грунтоўнае вывучэнне чытацкай аўдыторыі ў Беларусі праводзілася больш за дзесяць гадоў таму.

Між тым, на думку намесніка старшыні ГА «БАЖ» Андрэя Аляксандрава, вынікі такога даследавання могуць аказацца даволі несуцяшальнымі з-за неразумення беларускім грамадствам каштоўнасці свабоды слова.

«Мы ўжо і не памятаем, калі чытачы выступалі ў абарону закрытых выданняў. Узагадаць хоць бы нядаўняе закрыццё любімай многімі радыёстанцыі „Аўтарадыё“. Дзе быў „натоўп абураных слухачоў“?» — аргументуе Андрэй Аляксандраў.

На думку намесніка старшыні БАЖ, для ўсведамлення людзьмі тых каштоўнасцяў, якія мы баронім, трэба будзе прыкласці шмат намаганняў. А пачынаць працу з аўдыторыяй варта праз медыя-адукацыю.

«Перш за ўсё, нам трэба растлумачыць людзям, што такое свабода прэсы, чаму незалежная журналістыка так неабходная сучаснаму беларускаму грамадству. Бо, калі мы не будзем спрыяць фармаванню ў беларускім грамадстве каштоўнасці свабоды слова, то не зможам разлічваць і на тое, што нас нехта захоча бараніць», — лічыць намеснік старшыні БАЖ.

Медыяпраект пад назвай «Свабода слова — твая свабода», распачаты БАЖ у лютым бягучага года, адной са сваіх задач бачыць якраз данясенне да грамадскасці думкі, што свабода слова — адзін з асноўных набыткаў грамадства.

«Нягледзячы на цяжкія ўмовы працы, попыт на незалежную інфармацыю ў грамадстве расце — паціху, але павялічваюцца наклады СМІ, павышаецца наведвальнасць нашых сайтаў. Можна смела казаць пра тое, што пазіцыі ў інтэрнэце мы пакуль трымаем», — зазначыў напрыканцы сустрэчы Андрэй Аляксандраў.